20 студзеня 2025 года Дональд Трамп уступіць на пасаду прэзідэнта ЗША. За месяц да гэтай важнай падзеі мы пагаварылі з Джонам Болтанам — чалавекам, які працаваў у адміністрацыі некалькіх лідараў ЗША, у тым ліку і наступнага. Чым першы прыход Трампа ў Белы дом будзе адрознівацца ад другога, што ён будзе рабіць з вайной ва Украіне і які ўплыў на палітыка мае бізнесовец Ілан Маск?
«Ваш народ не хоча, каб ім кіраваў Лукашэнка, і ўжо дакладна ён не хоча, каб ім кіраваў Пуцін»
— Адразу пасля выбараў некаторыя СМІ пачалі называць Ілана Маска творцам перамогі Дональда Трампа. Якая ступень уплыву бізнесоўца на амерыканскую палітыку?
— Ён, безумоўна, зрабіў значны ўнёсак у кампанію з пункту гледжання фінансаў, а яго валоданне медыя (гаворка пра X, раней Twitter. — Заўв. рэд.) робіць яго ўплывовай фігурай у медыяпрасторы ЗША. Перамога Трампа была даволі нязначнай. Так, ён перамог, гэта не выклікае сумневу, але без вялізнай перавагі. Вынікі [кандыдатаў] былі вельмі блізкія ва ўсіх ключавых штатах.
Дональд Трамп набраў на 2 млн 285 тысяч галасоў больш, чым Камала Харыс. Але вырашальным для кандыдатаў у прэзідэнты становяцца не галасы, а калегіі выбаршчыкаў. У большасці штатаў дзейнічае правіла «пераможца атрымлівае ўсё», таму палітык, які набраў найбольшую колькасць галасоў выбаршчыкаў, атрымлівае ўсе галасы калегіі выбаршчыкаў штата. У выніку Дональд Трамп атрымаў 312 галасоў выбаршчыкаў, Камала Харыс — 226. Падрабязней пра саму працэдуру вы можаце прачытаць тут.
Маск застаецца прыкметнай фігурай з моманту выбараў, у нейкі момант Трамп нават пажартаваў: «Я не магу яго выгнаць з Мар-а-Лага (рэзідэнцыя абранага прэзідэнта ЗША. — Заўв. рэд.)». Маску даручылі даволі важнае заданне — вывучыць неэфектыўнасць і марнатраўства ва ўрадзе. Магчыма, ён прапануе шэраг добрых рэкамендацый.
Што адбудзецца пасля інаўгурацыі Трампа 20 студзеня, калі ён афіцыйна стане прэзідэнтам? Цяпер гэта можа збіваць з панталыку многіх людзей, асабліва тых, хто не вельмі знаёмы з амерыканскай сістэмай. На гэты момант яны абодва — прыватныя асобы. Але як толькі Трамп стане прэзідэнтам, а Маск застанецца прыватнай асобай, сітуацыя будзе зусім іншая. У бізнесоўца ёсць сваё меркаванне, палітыку відавочна падабаецца яго слухаць. Паглядзім, як усё будзе на практыцы, калі абранаму прэзідэнту давядзецца рэальна кіраваць краінай, які тады ўплыў Маск зможа аказаць.
— У чым будуць адрозненні першага і другога тэрмінаў Дональда Трампа?
— Ён ужо пазначыў некалькі прыярытэтаў, якія пачнуць рэалізоўвацца ў дзень інаўгурацыі. Першы і, безумоўна, вельмі спрэчны — гэта праграма высылання ўсіх нелегальных імігрантаў з ЗША. Вядома, няма гарантыі, што ўсё будзе гладка з пункту гледжання рэалізацыі, але гэта відавочна стане прыярытэтам. Я таксама думаю, што ён збіраецца захаваць падатковыя паслабленні, тэрмін дзеяння якіх заканчваецца ў канцы 2025 года, а таксама адкаціць эканамічныя рэгуляцыі адміністрацыі Байдэна. Гэта ўсё важныя пункты для тых, хто яго выбраў.
Наколькі больш ён зможа зрабіць акрамя гэтага — незразумела, бо рэспубліканцы хоць і атрымалі кантроль над Сенатам і захавалі кантроль над Палатай прадстаўнікоў, у іх не вельмі вялікая перавага. Прамежкавыя выбары 2026 года (галасаванне, якое праводзіцца ў сярэдзіне тэрміну прэзідэнта ЗША, там выбіраюць, напрыклад, чальцоў Кангрэса. — Заўв. рэд.) могуць падавацца далёкімі, але ў палітычным плане пра іх думаюць проста цяпер.
І, нарэшце, яшчэ адзін момант. Так, Трамп — новы прэзідэнт, гэта факт. Натхненне і аптымізм, якімі звычайна суправаджаецца прыход новага лідара, цяпер відавочныя ў прэсе. Але ён адначасова і «кульгавая качка». З моманту ўступлення на пасаду Канстытуцыя забараняе яму балатавацца на трэці тэрмін. Увага пачынае пераключацца на тых, хто прыйдзе пасля Трампа. Гэта таксама будзе паступова зніжаць уплыў абранага прэзідэнта з кожным днём. Мы не можам з упэўненасцю прадказаць, што возьме верх: натхненне, звязанае з яго абраннем, ці груз яго статусу.
— Чаго варта чакаць ад Дональда Трампа ў замежнай палітыцы?
— Я думаю, што галоўнай праблемай, з якой яму давядзецца сутыкнуцца, будзе ўмацаванне саюза паміж Кітаем і Расіяй. Мы бачым яго ўплыў па ўсім свеце. Гэта не ідэальны саюз, і паміж імі ўсё яшчэ ёсць рознагалоссі. Але, у адрозненне ад кітайска-савецкага альянсу часоў халоднай вайны, гэтым разам Пекін грае галоўную ролю, а Масква — малодшага партнёра.
Як гэта праявіцца, асабліва ў Еўропе, стане адной з першых тэмаў, на якія Трампу давядзецца звярнуць увагу з прычыны вайны ва Украіне, якая працягваецца. Нядаўна ў інтэрв'ю для часопіса Time, які абвясціў яго чалавекам года, ён раптоўна прызнаў, што канфлікт ва Украіне складаны (цытата гучыць так: «Праблема на Блізкім Усходзе прасцейшая у вырашэнні, чым тое, што адбываецца паміж Расіяй і Украінай». — Заўв. рэд.). Але што менавіта ён зробіць, здагадацца складана.
Важна разумець, што ў Трампа няма філасофіі. Ён не думае ў тэрмінах стратэгіі нацыянальнай бяспекі і не займаецца палітыкай так, як гэта прынята. Яго падыход транзакцыйны, разрознены і сітуацыйны, ён разглядае ўсё праз прызму: «Як гэта выгадна Дональду Трампу?» Таму, як мне здаецца, больш за ўсё ён хоча, каб вайна ва Украіне проста знікла. То-бок яго не асабліва хвалююць ўмовы ўрэгулявання. Ён шмат разоў казаў, што, калі б ён быў прэзідэнтам, вайна ніколі б не пачалася. Хто ведае? Гэта сцверджанне, якое немагчыма ні даказаць, ні абвергнуць. Але яно паказвае, што ён лічыць гэта «вайной Байдэна» і проста хоча забыцца на яе.
Думаю, што гэта вельмі рызыкоўна для Украіны. Уладзімір Пуцін умее ліслівіць Трампу і ведае, як атрымаць ад яго тое, што трэба. Адносіны з Уладзімірам Зяленскім значна складанейшыя. Я вельмі занепакоены тым, як усё павернецца для Украіны.
— Інаўгурацыя Дональда Трампа пройдзе праз месяц. У прэзідэнта Джо Байдэна яшчэ ёсць магчымасць неяк кардынальна дапамагчы Украіне за гэты час? Калі так, то як?
— З моманту выбараў адміністрацыя Байдэна абвясціла пра дапамогу і спрабуе як мага хутчэй запусціць працэс. Я не думаю, што ў іх было шмат дадатковых магчымасцяў для дзеянняў. І важна разумець, што новы прэзідэнт можа адмяніць практычна любое рашэнне свайго папярэдніка. Калі Трамп уступіў на пасаду ў 2017 годзе, ён спрабаваў адмяніць [амаль] усё, што зрабіў Абама. Калі гэта [будзе] у межах яго ўлады, я думаю, ён пойдзе тым самым шляхам.
Пасля выбараў Зяленскі асабліва стараўся падтрымліваць кантакт з Трампам. Думаю, гэта правільнае рашэнне з яго боку. Магчыма, гэта паўплывае на сітуацыю. Мы можам спадзявацца на лепшае, але, калі паглядзець на агульную карціну, як я ўжо сказаў, я вельмі занепакоены.
— Некаторыя аналітыкі лічаць, што Трамп і Пуцін падобныя. Вы працавалі з першым, сустракаліся з другім — у чым іх падабенствы і адрозненні?
— Я так не лічу. Я ўпершыню сустрэў Пуціна ў кастрычніку 2001 года, адразу пасля падзей 11 верасня, калі ён быў яшчэ адносна новым прэзідэнтам Расіі. Ужо тады ён падаўся мне стрыманым, але вельмі прыктычным чалавекам, які добра разумее, што ён лічыць расійскімі нацыянальнымі інтарэсамі. А Трамп не разумее, што такое нацыянальныя інтарэсы ЗША. Ён не можа адрозніць сваіх асабістых інтарэсаў ад інтарэсаў краіны. Пуцін гуляе на перамогу, а Трамп гуляе, каб яго любілі.
З пункту гледжання абранага прэзідэнта, калі ў яго добрыя адносіны з Уладзімірам Пуціным, значыць, і ў ЗША добрыя адносіны з Расіяй. Але гэта не так. Асабістыя адносіны заўсёды важныя, але Уладзімір Пуцін выдатна разумее, што гэта такое, і ведае, што такое нацыянальныя інтарэсы Расіі. Я думаю, Пуцін лічыць, што можа гуляць з Трампам і атрымліваць ад яго тое, чаго хоча. Трамп думае, што яны сябры. Але мне не здаецца, што расійскі прэзідэнт так лічыць.
— За часамі Дональда Трампа вы прыязджалі ў Мінск, быў візіт і дзяржсакратара Майка Пампеа. Ці варта чакаць такіх сустрэч з Аляксандрам Лукашэнкам у гэты тэрмін Дональда Трампа?
— Я паехаў у Мінск, бо прайшло шмат часу з моманту апошняга візіту высокапастаўленага амерыканскага чыноўніка. Лукашэнка і яго рэжым знаходзяцца пад санкцыямі, але я лічыў, што калі мы хочам сфармаваць паслядоўную стратэгію ва Усходняй Еўропе, якая б перадухіліла паўторнае паглынанне былых частак Савецкага Саюза ў новую Расійскую імперыю, то як мінімум варта было вывучыць, што можна зрабіць. Мая паездка пачалася ва Украіне, потым я выправіўся ў Малдову, Беларусь і далей у Польшчу. А праз два тыдні я пайшоў у адстаўку. Баюся, мой унёсак аказаўся нязначным.
Я лічу важным зразумець, куды менавіта імкнецца Лукашэнка. Мяне вельмі турбуе, што, калі ва Украіне будзе заключанае перамір'е, якое пакіне за Масквой кантроль над тэрыторыямі на цяперашняй лініі фронту, гэта дасць Крамлю час перагрупавацца і разгледзець свае далейшыя крокі. І, вядома, пагроза ўваходжання Беларусі ў склад Расіі ў той ці іншай форме ўсё яшчэ застаецца на парадку дня ў Масквы. Гэта выклікае ў мяне сур’ёзныя асцярогі.
— Можна неяк вярнуць Беларусь у фокус амерыканскіх палітыкаў?
— Беларусь па-ранейшаму знаходзіцца пад санкцыямі, а паводзіны ўрада Лукашэнкі, безумоўна, вельмі спрыяльныя для Расіі. Але беларускі народ не хоча, каб ім кіраваў Лукашэнка, і ўжо дакладна ён не хоча, каб ім кіраваў Пуцін. Таму пошук спосабаў пазбегнуць апошняга мусіць быць часткай стратэгіі.
Магу сказаць, што падчас той паездкі мы апынуліся ў Варшаве, дарадца па нацыянальнай бяспецы Польшчы (гаворка пра кіраўніка Бюро нацыянальнай бяспекі краіны Паўла Солаха. — Заўв. рэд.) арганізаваў сустрэчу. У ёй удзельнічалі ён, я, украінскі і беларускі дарадца па нацбяспецы (гаворка пра старшыняў Саветаў бяспекі дзвюх краін — Аляксандра Данілюка і Станіслава Зася. — Заўв. рэд.). Гэта было першае і апошняе мерапрыемства такога роду.
Польшчы і Украіне адносіны з Беларуссю вельмі важныя, незалежна ад таго, што адбываецца паміж Вашынгтонам і Мінскам. Так што існуе мноства магчымых сцэнараў. Я сапраўды спадзяюся, што Вашынгтон зверне ўвагу [на Беларусь]. Проста паглядзіце на карту. Гэта вельмі важна для нас [амерыканцаў], нават калі некаторым, такім як Трамп, падаецца, што гэта тэрытарыяльна далёка. На самай справе гэта не так.
— Калі б вы сёння былі дарадцам Дональда Трампа па нацыянальнай бяспецы, то якую б вы далі яму параду?
— Я б адназначна сказаў, што цяпер не час дазваляць Расіі дабівацца ваеннай перамогі ва Украіне. Калі Крамлю сыдзе з рук гэтая несправакаваная агрэсія, то гэта будзе толькі пытаннем часу, калі яна паўторыцца ў іншых месцах.
Пуцін ясна даў зразумець, што ягоны парадак дня — гэта аднаўленне імперыі. Не Савецкага Саюза, а менавіта імперыі. І я не думаю, што гэта ў інтарэсах [яе] былых падданых. Гэта і не ў інтарэсах Амерыкі. Але нельга проста спадзявацца, што ўсё неяк улагодзіцца. Трэба працаваць з тымі, хто таксама не хоча быць уключаным назад у гэтую імперыю, каб перадухіліць гэта.
— Зша, адміністрацыя Трампа дапусцяць уступленне Украіны ў NATO? У якой перспектыве гэта можа адбыцца?
— Я буду вельмі здзіўлены, калі падчас абмеркаванняў урэгулявання канфлікту Трамп нават разгледзіць магчымасць далучэння Украіны да NATO. Паслухайце, галоўнае пытанне цяпер у тым, ці зможам мы наогул захаваць ЗША ў складзе NATO, улічваючы незадаволенасць Трампа Альянсам, а не ў тым, каб уключаць у яго Украіну.
Гэта адна з прычын, чаму я думаю, што ўрэгуляванне гэтага канфлікту будзе нашмат складанейшым, чым гэта разумее сам Трамп. Украіна лічыла, што ў яе былі гарантыі бяспекі паводле Будапешцкага мемарандума, у тым ліку і з боку Расіі. Відавочна, што іх не аказалася. Можна абвясціць новы набор гарантый, але не факт, што яны будуць больш дзейснымі, чым папярэднія.
Чытайце таксама