«У самотнасці ў моргу ўчарашні дыктатар, а цяпер проста мёртвы стары». Як за савецкім часам людзі даведваліся пра смерць кіраўнікоў
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


«Все пройдет, все проходит когда-то // Через год, через день, через миг // В одиночестве в морге вчерашний диктатор, // А теперь просто мертвый старик», — спяваў расійскі рок-гурт «Порнофильмы». Відаць, музыкі добра ведаюць гісторыю: калі паміралі савецкія лідары, асяроддзе часцей за ўсё ўжо адкрыта чакала іх смерці і пачынала дзяліць партфелі «не адыходзячы ад касы». Народ жа звычайна маўчаў. Расказваем гэтыя гісторыі.

Брэжнеў: размовы над неастылым целам

Пасля смерці Сталіна фактычным лідарам СССР стаў Георгій Малянкоў, які ўзначаліў урад. Але паступова рэальная ўлада перайшла да першага сакратара партыі Мікіты Хрушчова. Той зняў Малянкова з пасады прэм’ера, а потым — пасля спробы перавароту — з усіх астатніх пасадаў. Але хрушчоўскае дзесяцігоддзе ўсё ж скончылася змовай і адстаўкай самога выкрывальніка сталінскага культу. І Малянкоў, і Хрушчоў памерлі на пенсіі, не маючы ўлады.

У 1964-м лідарам краіны стаў Леанід Брэжнеў. Дакладней, першапачаткова гаворка ішла пра калектыўнае кіраўніцтва. Але дасведчаны інтрыган Брэжнеў паступова пазбавіўся якіх-кольвек канкурэнтаў сярод партыйнай эліты і сканцэнтраваў у сваіх руках усю ўладу.

У 1952-м, яшчэ пры жыцці Сталіна, калі Брэжнеў кіраваў Малдовай, у яго здарыўся інфаркт міякарда. Але ён хутка пайшоў на папраўку і доўгія гады не скардзіўся на здароўе. З 1973-га ў яго зрэдку пачала з’яўляцца бяссонніца. Яўген Чазаў (узначальваў Чацвёртае Галоўнае ўпраўлення пры Міністэрстве аховы здароўя СССР, якое адказвала за здароўе савецкіх правадыроў) тлумачыў гэта ў мемуарах «Здароўе і ўлада» ператамленнем.

Брэжнеў пачаў у вялікай колькасці прымаць заспакаяльныя і снатворныя сродкі, расхістваць нервовую сістэму. У 1974-м у яго ўзнікла дынамічнае парушэнне мазгавога кровазвароту. У 1976-м здароўе канчаткова і рэзка пагоршылася. Гэты год стаў водападзелам у кіраванні Брэжнева: кансерватыўнага і, па партыйных мерках, адэкватнага лідара паступова змяняў глыбока хворы чалавек. Яго захворванні і далейшы прыём снатворных прывёў да разладу маўлення (знакамітае шамканне) і страты каардынацыі — генеральны сакратар стаў такім, якім яго запомнілі мільёны жыхароў СССР.

Леонид Брежнев (справа) в ГДР в 1971 году. Фото: German Federal Archive
Леанід Брэжнеў (справа) у ГДР у 1971 годзе. Фота: German Federal Archive

Брэжнеў памёр ціха і спакойна. Яшчэ 7 лістапада 1982 года ён стаяў на трыбуне Маўзалея падчас святкавання гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі. А ў ноч з 9 на 10 лістапада лёг спаць і не прачнуўся — раніцай, паміж 8 і 9 гадзінамі, у 75-гадовага лідара спынілася сэрца. Доктара на дачы не аказалася (яго адпусцілі да сям'і на святы), таму ахоўнік каля гадзіны спрабаваў самастойна правесці рэанімацыйныя мерапрыемствы.

«Аднаго позірку мне было дастаткова, каб убачыць, што Брэжнеў памёр ужо некалькі гадзін таму. З аповеду [ахоўніка] Сабачанкова я даведаўся, што жонка Брэжнева, якая пакутавала на цукровы дыябет, устала ў 8 гадзін раніцы, бо ў гэты час медыцынская сястра ўводзіла ёй інсулін. Брэжнеў ляжаў на баку, і, думаючы, што ён спіць, яна выйшла са спальні. Як толькі яна выйшла, да Брэжнева прыйшоў Сабачанкоў, каб яго пабудзіць і дапамагчы апрануцца. Ён і заспеў мёртвага Брэжнева. Услед за мной прыехалі дактары хуткай дапамогі, якія пачалі праводзіць у поўным аб’ёме рэанімацыйныя мерапрыемствы. Для мяне было ясна, што ўсё скончана, і гэтая актыўнасць носіць больш фармальны характар», — пісаў Чазаў.

Паводле словаў доктара, перад ім паўсталі дзве праблемы: як сказаць пра смерць Брэжнева яго жонцы, а таксама каго і як інфармаваць пра тое, што адбылося. За ўладу ў той час змагаліся дзве групоўкі. На чале адной стаяў Юрый Андропаў — да гэтага ён 15 гадоў узначальваў КДБ, а ў траўні 1982-га пасля ўхвалы Брэжнева стаў другім сакратаром ЦК, які адказвае за кадры. Фактычна яго назвалі пераемнікам, хоць Леанід Ільіч збіраўся жыць яшчэ доўга. Другую групу ўзначальваў яшчэ адзін сакратар ЦК, Канстанцін Чарненка.

Фото: facebook.com/Xudozhnikipoeti
Знакамітае графіці мастака Дзмітрыя Урубеля з пацалункам Леаніда Брэжнева і кіраўніка ГДР Эрыха Хонэкера ў Берліне. Фота: facebook.com/Xudozhnikipoeti

«Я не выключаў, што тэлефоны праслухоўваюцца, і ўсё, што я скажу, стане праз некалькі хвілін вядома альбо [кіраўніку КДБ] Федарчуку, альбо [міністру ўнутраных справаў] Шчолакаву (абодва арыентаваліся на Чарненку. — Заўв. рэд.). Я выдатна разумеў, што перш за ўсё пра тое, што здарылася, трэба інфармаваць [Юрыя] Андропава. Ён павінен як другі чалавек у партыі і дзяржаве ўзяць у свае рукі далейшы ход падзей», — успамінаў Чазаў. Андропаў аператыўна прыехаў на дачу і пачаў дзейнічаць першым.

Ні савецкім грамадзянам, ні свету ўлады нічога не сказалі. Толькі замежныя карэспандэнты западозрылі форс-мажор, бо ў ноч з 10 на 11 лістапада ў партыйных кабінетах да раніцы гарэла святло. Савецкіх грамадзян збянтэжыла мінорная класічная музыка, якая гучала на радыё. На тэлебачанні адмянілі трансляцыю святочнага канцэрта, прысвечанага Дню міліцыі. Але ў кіраўніцтве краіны тады было шмат пажылых людзей, а Брэжнева бачылі на трыбуне 7 лістапада, таму ўпэўненасці ў яго смерці ні ў кога не было.

Пра смерць генеральнага сакратара абвясцілі праз суткі — 11 лістапада, а 10-й гадзіне раніцы ў праграме «Время». Да таго часу ўсё ўжо было вырашана. Камендант дачы, дзе жыў Брэжнеў, расказваў у інтэрв'ю: «Андропаў прыехаў, [міністр замежных справаў Андрэй] Грамыка і [міністр абароны] Дзмітрый Усцінаў. Вось яны трое стаялі над целам Леаніда Ільіча і абмяркоўвалі тое пытанне, хто будзе генеральным сакратаром. Ну і вось, пры мне якраз, я сядзеў на каленях ля цела Леаніда Ільіча… Дзмітрый Фёдаравіч, значыць, прапанаваў кандыдатуру Юрыя Уладзіміравіча. Вось. Ну і вось, значыць, з гэтага моманту ўсё і пайшло, разумееце. Юрый Уладзіміравіч стаў генеральным сакратаром».

Чазаў у мемуарах сцвярджаў, што Андропаў хутка з’ехаў з дачы, не чакаючы іншых чальцоў Палітбюро, а таму пытанне вырашалася ў Крамлі. Але значэння гэта не мела. Андропаў, Грамыка і Усцінаў былі саюзнікамі. Менавіта яны за тры гады да гэтага стаялі ля вытокаў афганскай авантуры — умяшання СССР у афганскую вайну. За Андропавым стаяў КДБ, дзе працавала ягоная каманда. За Усцінавым — армія. Таму ўжо 12 лістапада, праз дзень пасля смерці Брэжнева, Андропава абралі новым генеральным сакратаром.

«„Аднагалосна“. Млявыя апладысменты, дакладней асобныя воплескі»

Андропаў узначаліў краіну ва ўзросце 68 гадоў і ўжо не самым здаровым чалавекам — у яго былі сур’ёзныя праблемы з ныркамі. «Бачыў, як ён у гасцях у мяне не п’е, амаль нічога не есць, кажа, што можа ўжываць ежу толькі без солі», — казаў Брэжнеў Чазаву. Але дактары падтрымлівалі стан здароўя лідара КДБ на здавальняючым узроўні.

Але ўжо праз некалькі месяцаў пасля прыходу да ўлады, у пачатку 1983 года, ныркі ў Андропава адмовілі. «У арганізме катастрафічна пачала нарастаць канцэнтрацыя таксічных рэчываў. Асабліва пагрозлівым для жыцця было павелічэнне ўтрымання калію. [Дактары] <…> прынялі рашэнне пачаць выкарыстанне штучнай ныркі. У Кунцаўскай бальніцы быў спецыяльна абсталяваны адсек, у якім размяшчалася штучная нырка, палата для Андропава, памяшканні для аховы і дактароў. Два разы на тыдзень Андропаў прыязджаў на працэдуру, і гэтага цалкам хапала для таго, каб цалкам чысціць арганізм ад шлакаў», — успамінаў Чазаў.

Юрий Андропов. Фото: wikimedia.org
Юрый Андропаў. Фота: wikimedia.org

Стан генеральнага сакратара больш-менш стабілізаваўся. Але дактары папярэджвалі Андропава, што ён мусіць строга выконваць рэжым і быць вельмі асцярожным. Арганізм, амаль цалкам пазбаўлены абароны, быў уразлівы для любых інфекцый. У верасні 1983 года кіраўнік СССР адправіўся на адпачынак у Крым. На адной з дачаў падрыхтавалі спецыяльныя пакоі, у якіх усталявалі апарат са штучнай ныркай.

У адзін з дзён генеральны сакратар адчуў сябе добра і адправіўся ў лес, дзе ён, лёгка апрануты, быў некалькі гадзін. Там савецкі лідар прастудзіўся. Да таго ж ён вырашыў пасядзець на гранітнай лаўцы ў цені дрэваў, дзе адчуў дрыготку. На другі дзень пасля прагулкі ў яго развілася флегмона (вострае гнойнае запаленне тлушчавай клятчаткі). Андропаву зрабілі тэрміновую аперацыю, якая прайшла паспяхова. Але сілы арганізма былі настолькі падарваныя, што пасляаперацыйная рана не гаілася.

Пасля гэтага Андропаў больш не з’яўляўся ў Крамлі і пачаў кіраваць краінай з лякарні. Доўга гэта цягнуцца не магло. Усе разумелі, што дні яго палічаныя. Сам генеральны сакратар бачыў сваім пераемнікам Міхаіла Гарбачова — найбліжэйшага паплечніка і сябра Палітбюро.

«Падчас знаходжання Андропава ў бальніцы кожны памочнік наведваў яго там у строга вызначаны дзень. Маім днём была субота. Аднойчы незадоўга да чарговага пленума ЦК я прыехаў да яго з праектам даклада. Андропаў прачытаў яго і сказаў: „Прыязджайце да мяне праз два дні“. Калі я зноў прыехаў, то ўбачыў у тэксце даклада прыпіску: „Я лічу, што пасяджэнні сакратарыята ЦК павінен весці Гарбачоў“, і роспіс на палях: „Андропаў“. А той, хто вёў пасяджэнне сакратарыята, заўсёды лічыўся другім чалавекам у партыі. Атрымліваецца, Андропаў хацеў, каб паўнамоцтвы другой асобы перайшлі ад Чарненкі да Гарбачова», — успамінаў памочнік Андропава, ураджэнец Беларусі Аркадзь Вольскі.

Чарненка тады фармальна быў другім сакратаром ЦК, але ўжо хварэў (пра гэта ніжэй).

Пра падобныя настроі расказваў у мемуарах і Чазаў: «Па-ранейшаму мы сустракаліся з Усцінавым і абмяркоўвалі развіццё падзей, звязаных з хваробай Андропава. Пасля адной з сустрэчаў з Андропавым Усцінаў сказаў, што той бачыць сваім пераемнікам Гарбачова. [Ён сказаў:] „Ды і я лічу, што гэта правільны выбар. Нам патрэбны малады, талковы кіраўнік, якога ведае партыя. А Гарбачоў пяць гадоў ужо як у Палітбюро, яго вылучаў Андропаў, і ён працягне тое, што пачаў Юрый Уладзіміравіч. Трэба зрабіць усё, каб гэтага дамагчыся“».

Але праз тыдзень ці дзесяць дзён Усцінаў даў задні ход і сказаў, што трэба паведаміць пра ўсё Чарненку.

Чым жа скончылася гісторыя, расказаная Вольскім? На пленуме Чарненка зачытаў даклад Андропава, дзе не было ні слова пра Гарбачова. Хутчэй за ўсё, менавіта яго каманда выкінула згаданую вышэй прыпіску, разумеючы, што дні савецкага лідара палічаныя. Андропаў зладзіў разнос сваім падначаленым, але цягнік ужо сышоў.

Узімку 1984-га стан генеральнага сакратара пагоршыўся, 9 лютага ён памёр. Ва ўладзе Андропаў знаходзіўся 15 месяцаў, або 463 дні. 10 або 11 лютага да Чазава зайшоў Усцінаў.

«Заўсёды таварыскі, вясёлы, гаваркі, ён пры сустрэчы са мной выглядаў гэтым разам збянтэжаным і трохі прыгнечаным. „Ведаеш, Яўген, — заявіў ён без усялякіх уводзінаў, — генеральным сакратаром ЦК будзе Чарненка. Мы сустрэліся ўчатырох — я, [прэм'ер-міністр Мікалай] Ціханаў, Грамыка і Чарненка. Калі пачалося абмеркаванне наяўнага становішча, я адчуў, што на гэтае месца прэтэндуе Грамыка, якога мог падтрымаць Ціханаў. Ты сам разумееш, што ставіць яго на гэтае месца нельга. Ведаеш яго характар. Бачачы такую сітуацыю, я прапанаваў кандыдатуру Чарненкі, і ўсе са мной пагадзіліся. Выйсця не было“», — перадаваў гэтую размову ў мемуарах Чазаў.

Слева направо: Юрий Андропов, Эрик Хонеккер и Леонид Брежнев. 1967 год. Фото: Бундесархив
Злева направа: Юрый Андропаў, Эрых Хонэкер і Леанід Брэжнеў, 1967 год. Фота: Бундэсархіў

Яго суразмоўца ні разу не згадаў прозвішча Гарбачова. Доктар выказаў здагадку, што Усцінаў зразумеў: ніхто з найстарэйшых чальцоў Палітбюро таго не падтрымае, а таму прасцей прапанаваць Чарненку.

Першы сакратар Магілёўскага абкама партыі Васіль Лявонаў успамінаў у мемуарах «Работа над памылкамі», як зацвярджалі Чарненку. Беларуса выклікалі ў Маскву, але сам ён галасаваць не мог (бо не быў чальцом ЦК КПСС): «Пасля прыбыцця ў Маскву даведаўся, што ў кулуарах гучала прозвішча Чарненкі, які ў асноўным не карыстаўся ніякім аўтарытэтам. Зайшлі ў Свярдлоўскую залу Крамля. Мне дасталася месца на галёрцы, сярод генералаў, маршалаў, камандуючых акругамі і г. д. Шчыра гутару з вайскоўцамі пра чуткі — „Будзе Чарненка“. Усе згоддныя з тым, што гэта няварты, ганебны варыянт. Пытаюся, хто будзе галасаваць „супраць“. Аказалася, што амаль усе ваеначальнікі, як і я, не чальцы ЦК. Некаторыя ж (мабыць, чальцы) сказалі: „Адсохне мая рука, калі я яе падыму за гэтага дзеда“. І сапраўды, ніхто з вайскоўцаў, хто сядзеў у гэтым сектары, рукі не падняў».

Паводле Лявонава, пасля таго як ушанавалі хвілінай маўчання памяць Андропава, Ціханаў прапанаваў кандыдатуру Чарненкі: «Тут жа павісла магільная цішыня, якая доўжылася, напэўна, хвіліну. У гэты час я чуў біццё ўласнага сэрца, дыханне суседзяў. Ціханаў пытае: „Хто „за“?“ Першымі пачалі падымацца дрыготкія ручкі ў прэзідыуме. Потым у цэнтры залы нясмела, невысока паднялося трохі рук, не больш за паўсотні. Ціханаў хутка пытаецца: „Хто супраць?“, „Хто ўстрымаўся?“ „Аднагалосна“. Млявыя апладысменты, дакладней асобныя воплескі».

Так краіна атрымала новага генеральнага сакратара, абранага на гэтую пасаду 13 лютага, праз чатыры дні пасля смерці папярэдніка.

Вэнджаная рыба і фальстарт з «членавозам»

Логіка ў рашэнні Усцінава была такая: мяккі Чарненка — яму ішоў 73-і год — наўрад ці змог бы супрацьстаяць настойліваму міністру абароны, які адказваў за ваенна-прамысловы комплекс. Такім чынам, Усцінаў хацеў стаць кіраўніком дэ-факта. Узмацняўся і ўплыў іншых чыноўнікаў. Але рашэнне было фатальным: да ўлады, паводле сцверджанна Чазава, у літаральным сэнсе слова прыйшоў інвалід.

Доўгія гады Чарненка пакутаваў на хранічнае захворванне лёгкіх і эмфізэму (захворванне дыхальных шляхоў), таму кожны год у жніўні адпачываў у Крыме. Так ён зрабіў і ў 1983-м. Міністр унутраных справаў Віталь Федарчук, які адпачываў тамсама (да таго моманту яго ўжо перавялі ў міліцыю з КДБ) даслаў яму ў падарунак прыгатаваную ў хатніх умовах вэнджаную рыбу. Насуперак правілам ежу не праверылі. Пасля дэгустацыі ў Чарненкі развілася найцяжэйшая таксічная інфекцыя з ускладненнямі ў выглядзе сардэчнай і лёгачнай недастатковасці. Яго тэрмінова даставілі ў Маскву.

«З вялікай цяжкасцю нам удалося яго выратаваць, але аднавіць яго здароўе і працаздольнасць да першапачатковага ўзроўню было немагчыма. З бальніцы выпісаўся інвалід, што было пацверджана пашыраным кансіліумам найбуйнейшых спецыялістаў нашай краіны. У Палітбюро было прадстаўленае нашае афіцыйнае заключэнне што да цяжкасці стану Чарненкі. Так што яшчэ ўвосень 1983 года (то-бок да смерці Андропава — Заўв. рэд.) чальцы Палітбюро ведалі пра яго хваробу», — пісаў Чазаў. Паволе яго, з таго часу чыноўнік «мог працаваць, толькі выкарыстоўваючы лекавыя сродкі і праводзячы інгаляцыю кіслародам. Хранічны працэс у лёгкіх спыніць было ўжо немагчыма».

Партийный билет Константина Черненко № 00000033, 1973 год. Фото: wikimedia.org
Партыйны білет Канстанціна Чарненкі № 00000033, 1973 год. Фота: wikimedia.org

Тым не менш адмовіцца ад пасады генеральнага сакратара Чарненка не захацеў.

Са словаў Чазава, з кожным днём захворванне генеральнага сакратара прагрэсавала. «Нарасталі склератычныя змяненні ў лёгкіх, парушалася нармальная праходнасць бронхаў за кошт з’яўлення ў іх бронхаэктазаў (хранічных нагнойных працэсаў у незваротна змененых бронхах. — Заўв. рэд.), нарастала эмфізэма. Усё гэта ў выніку прыводзіла да перанапружання сэрца і сардэчнай слабасці. Чарненка з цяжкасцю хадзіў, дыхавіца пачала з’яўляцца ў яго нават у спакоі, нарастала агульная слабасць. Для таго каб неяк падтрымліваць яго стан, мы былі вымушаныя і на дачы, і ў кабінеце ўсталяваць спецыяльныя кіслародныя апараты».

Пра стан здароўя генеральнага сакратара Чазаў інфармаваў Гарбачова. І па службе — як другога сакратара ЦК КПСС, — і як вучня Андропава, чыім сябрам быў медык. Гэта было важна: у момант смерці трэба было знаходзіцца ў краіне і быць гатовым да далейшых дзеянняў.

Асноўным канкурэнтам Гарбачова лічыўся Віктар Грышын, чалец Палітбюро і першы сакратар Маскоўскага гаркама партыі. Яму было ўжо 70 гадоў. Але эліта разумела, што чарговае — чацвёртае запар — пахаванне краіна не вытрымае. Ды і самому Міхаілу Сяргеевічу трэба было дамовіцца з кімсьці са старых.

Аляксандр Якаўлеў, адзін з паплечнікаў Гарбачова, успамінаў у мемуарах «Омут памяти», што да яго прыехаў Яўген Прымакоў (будучы расійскі прэм’ер), а тады калега — абодва ўзначальвалі навуковыя інстытуты. Ён спаслаўся на просьбу сына міністра замежных справаў Анатоля Грамыкі і спытаў, ці нельга правесці перамовы, якія пакуль ні да чога не абавязваюць, паміж Грамыкам-старэйшым і Гарбачовым. У Якаўлева былі добрыя адносіны з абодвума, таму ролю пасярэдніка аддалі яму.

«Аляксандр Мікалаевіч, — сказаў малодшы Грамыка Якаўлеву пры сустрэчы, — каб не наводзіць цень на ясны дзень, я выкажу тое, што сам думаю з гэтай нагоды. Калі гэта падасца непрымальным, то будзем лічыць, што я казаў толькі ад свайго імені і па сваёй ініцыятыве. Мой бацька ўпэўнены, што ўзначаліць партыю ў цяперашніх умовах можа толькі Гарбачоў. Ён, Грамыка, гатовы падтрымаць гэтую ідэю і адыграць ініцыятыўную ролю на блізкім пасяджэнні Палітбюро. У той жа час бацьку надакучыла працаваць у МЗС, ён хацеў бы змяніць абстаноўку. Гаворка пра Вярхоўны Савет СССР».

Прапанову перадалі Гарбачову. Той доўга думаў над адказам. Нарэшце сфармуляваў яго так: «Перадай Андрэю Андрэевічу, што мне заўсёды было прыемна працаваць з ім. З задавальненнем буду гэта рабіць і далей, незалежна ад таго, у якой якасці абодва акажамся. Дадай таксама, што я ўмею выконваць свае абяцанні».

Пасля гэтага Грамыка і Гарбачоў сустрэліся і пра ўсё дамовіліся асабіста.

Чарненка памёр 10 сакавіка 1985 года ў 19.20. Асяроддзе Грышына спадзявалася, што генсекам стане менавіта ён. Як сцвярджае ў мемуарах Васіль Лявонаў, гэты чыноўнік «ужо ездзіў у тым „членавозе“ (так называлася ў народзе машына, на якой ездзілі члены Палітбюро, адсюль і назва. — Заўв. рэд.), сувязь з якім выведзеная і на кіраванне ядзерным комплексам краіны».

0:00/ 12:52
В ЭФИРЕКачествоАвто 1  СкоростьОбычная  

Ноч з 10 на 11 сакавіка прайшла ў інтрыгах і перацягванні каната. На пасяджэнні Палітбюро, якое адбылося ў сярэдзіне дня 11 сакавіка, першым устаў Грамыка, які прапанаваў кандыдатуру Гарбачова. Астатнім давялося пагадзіцца. Новага кіраўніка зацвердзілі так аператыўна, што савецкія грамадзяне прачыталі ў адным нумары газеты і пра смерць старога кіраўніка, і пра абранне новага.