Дазволенымі для самазанятых у Беларусі будуць 47 відаў дзейнасці, гэта вынікае з праекта дакумента, які аказаўся ў распараджэнні расійскага інфармацыйнага агенцтва Sputnik Беларусь.

Гэты спіс амаль паўтарае пералік відаў дзейнасці, па якіх можна плаціць падатак на прафесійны даход. Да прыкладу, гэта вусны і пісьмовы пераклад, рэпетытарства, колка дроваў, продаж кацянят і шчанюкоў і іншае.
У пералік дададзеная і пазіцыя для фрылансераў, якія працуюць дыстанцыйна. Праўда, у дакуменце не ўдакладняецца, ці маюцца на ўвазе праграмісты або дызайнеры.
«Выкананне работ (аказанне паслуг) па заказах іншых фізічных асоб, у тым ліку зарэгістраваных у якасці індывідуальных прадпрымальнікаў, і (або) арганізацый па-за месцам знаходжання заказчыка (яго філіяла, іншага адасобленага структурнага падраздзялення), тэрыторыі або аб’екта, якія знаходзяцца пад кантролем заказчыка, з выкарыстаннем для выканання такіх работ (аказання такіх паслуг) і перадачы вынікаў выкананых работ (аказаных паслуг) сеткі інтэрнэт», — так апісаны пункт для фрылансераў у праекце.
Прапануецца і пералік відаў дзейнасці, якія будуць дазволеныя для ІП. Пунктаў даволі шмат, вось некаторыя з іх:
- скуплянне каштоўных металаў і каштоўных камянёў у грамадзян у вырабах і ломе;
- вытворчасць хлебабулачных вырабаў і мучных кандытарскіх вырабаў непрацяглага захоўвання;
- вытворчасць гатовых тэкстыльных вырабаў, акрамя адзення;
- друкаванне іншай паліграфічнай прадукцыі, не ўключанай у іншыя групы;
- дзейнасць па падрыхтоўцы матэрыялаў да друку і распаўсюду;
- вытворчасць іншых гумовых вырабаў, пластмасавых вырабаў;
- фармаванне і апрацоўка ліставога шкла;
- рэзка, апрацоўка і аздабленне каменя;
- вытворчасць мэблі;
- вытворчасць ювелірных вырабаў, біжутэрыі;
- тэхнічнае абслугоўванне і рамонт аўтамабіляў, матацыклаў;
- раздробны гандаль;
- дзейнасць грузавога аўтамабільнага транспарту і паслугі пераезду;
- паслугі грамадскага харчавання;
- камп’ютарнае праграмаванне, кансультацыйныя і іншыя спадарожныя паслугі.
Гэтага мала
На думку дырэктара і сустаршыні Мінскага сталічнага саюза прадпрымальнікаў і працадаўцаў Віктара Маргелава, нягледзячы на тое што спіс вялікі, насамрэч у статусе ІП нельга будзе займацца цэлым шэрагам відаў дзейнасці. Калі з прадпрымальнікамі пачалі абмяркоўваць гэтыя змены, прадстаўнікі ўлады казалі, што захаваюць для ІП 98% заняткаў. Але фактычна цяпер не існуе вычарпальнага спісу таго, што можна ІП.
«Яны займаліся амаль усім, што не забаронена, таму цяпер гэтых відаў для ІП нашмат больш, чым у прапанаваным спісе», — адзначыў Маргелаў.
Бізнес-саюзы працягваюць камунікаваць з гэтай нагоды з уладамі, у тым ліку з Міністэрствам эканомікі. Ужо накіраваныя прапановы што да пашырэння спісу, але невядома, якім дакумент будзе ў выніку.
Для чаго рэформа
На думку Маргелава, асноўная мэта рэформы па ІП і самазанятых — павелічэнне падатковых паступленняў. У тым ліку паставілі задачу атрымаць больш самазанятых.
«Але пералік заняткаў для іх таксама не такі вялікі. Яго не параўнаць, напрыклад, з расійскім спісам», — адзначыў лідар бізнес-саюза.
Таксама для росту збору падаткаў частка ІП, паводле задумы, мусіць стаць юрыдычнымі асобамі. Маргелаў растлумачыў, што ў розных мясцовасцях Беларусі розная карціна з бізнесам. У адным месцы выгадней працаваць у нейкім сектары ў статусе ІП, а фірму адкрываць ужо нерэнтабельна, таму не ўсім тэрыторыям рэформа пойдзе на карысць.
«Кампаніі не будуць займацца драбніцамі там, дзе ніша невялікая», — падкрэсліў Маргелаў.
Ценевы бізнес
Яшчэ адзін аргумент аўтараў рэформы — ліквідацыя каналаў незаконнага атрымання наяўных грошай праз ІП. Такія схемы сапраўды ёсць. На думку Маргелава, неабавязкова ліквідаваць іх поўнай забаронай тых ці іншых відаў бізнесу для ІП. Можна прыдумаць, напрыклад, загараджальны падатак, каб такое абнаяўліванне стала нявыгадным.
Да таго ж пакуль некаторыя віды дзейнасці «павіслі ў паветры». Паводле інфармацыі прадстаўніка бізнес-саюза, у краіне каля 50 тысяч кур’ераў і таксістаў з незразумелым статусам. У іх няма магчымасці аформіцца самазанятымі, а рэгістравацца ІП яны з нейкіх прычынаў не спяшаюцца.
«Прапанаваныя змены гэтай праблемы не вырашаюць», — упэўнены Маргелаў.
Сутнасць зменаў
Не так даўно быў апублікаваны праект паправак у некалькі кодэксаў і законаў, якія датычаць ІП, рамеснікаў, малога і сярэдняга бізнесу. Пералік відаў дзейнасці, якімі могуць займацца ІП, стане прэрагатывай урада. Калі ІП, зарэгістраваныя да 1 ліпеня 2023 года, займаюцца тым, чаго ў гэтым спісе не будзе, ім дазволяць працаваць да канца 2025-га.
Асаблівая сітуацыя з арганізатарамі канцэртаў і іншых відовішчных мерапрыемстваў. З 1 ліпеня 2023 года працаваць у статусе ІП ім забароняць. Для іх і іншых прадпрымальнікаў падрыхтавалі спрошчаны механізм пераходу з ІП у юрыдычную асобу без выплаты дзяржпошліны. Яшчэ адна перавага — неабавязкова наймаць офіс. Падчас рэгістрацыі можна падаць хатні адрас заснавальніка.