Сталі вядомыя ўсе кандыдаты ў прэзідэнты Беларусі
Читать по-русски


/

Сёння, 23 снежня, ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзідэнты Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнку, Алега Гайдукевіча, Ганну Канапацкую, Аляксандра Хіжняка і Сяргея Сыранкова.

Выява выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі. Фота: TUT.BY

Збор подпісаў у падтрымку прэтэндэнтаў у прэзідэнты завяршыўся 6 снежня. Усе кандыдаты змаглі сабраць неабходныя 100 тысяч подпісаў: Лукашэнка — 2 518 145, Гайдукевіч — 134 472, Канапацкая — 121 077, Хіжняк — 112 779, Сыранкоў — 125 577.

«Паводле інфармацыі тэрытарыяльных камісій, збор подпісаў ажыццяўляўся ва ўстаноўленым законам парадку. У ЦВК скаргі не паступалі. Выбаршчыкі звярталіся ў інфармацыйна-даведкавы цэнтр ЦВК з пытаннямі пра месца правядзення пікетаў па зборы подпісаў, пра дакументы, якія пацвярджаюць паўнамоцтвы сябраў ініцыятыўных груп, пра магчымасць паставіць подпіс, паказваючы іншы, акрамя пашпарта або ідэнтыфікацыйнай карты, дакумент», — заявіў кіраўнік ЦВК Ігар Карпенка.

У стадыю агітацыі выбарчы працэс пяройдзе 1 студзеня.

Нагадаем, раней ЦВК зарэгістраваў сем ініцыятыўных груп у падтрымку вылучэння кандыдатаў у прэзідэнты. Аднак 12 лістапада стала вядома, што двое прэтэндэнтаў вырашылі спыніць далейшы ўдзел у электаральнай кампаніі. Пра гэта заявілі старшыня Мінскай гарадской арганізацыі ГА «Беларускі саюз жанчын», начальніца Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Мінгарвыканкама Вольга Чамаданава і старшыня Рэспубліканскага савета грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз афіцэраў» Сяргей Бобрыкаў.

Палата прадстаўнікоў прызначыла дату прэзідэнцкіх выбараў. Яны адбудуцца 26 студзеня 2025 года, хоць, згодна з Канстытуцыяй, маглі прайсці да 20 ліпеня. Кіраўнік ЦВК Ігар Карпенка заявіў, што гэта звязана з завяршэннем «пяцігадовага плана сацыяльна-эканамічнага развіцця».

Дэмакратычныя сілы Беларусі неаднаразова заяўлялі, што будуць дабівацца непрызнання гэтых выбараў міжнароднай супольнасцю.

Папярэднія выбары 9 жніўня 2020 года адзначыліся самымі масавымі пратэстамі за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. Палітычны крызіс, які ўзнік пасля іх, і шырокамаштабныя рэпрэсіі доўжацца дагэтуль.

Чытайце таксама