Алеся Пушкіна ў бальніцу хуткай медыцынскай дапамогі прывезлі ўжо пры смерці і ў несвядомым стане. Пра гэта «Люстэрку» расказала крыніца, знаёмая з сітуацыяй у БХМД Гродна. Паводле яе, у палітзняволенага мастака была дыягнаставаная прабадная язва. Крыніца лічыць, што ў медыцынскай частцы гродзенскай турмы № 1 не маглі не заўважыць сімптомаў гэтага, але не аказалі своечасовай дапамогі.

Паводле словаў Ягора (імя змененае з меркаванняў бяспекі), турэмным дактарам было няцяжка зразумець, што адбываецца з Алесем Пушкіным, бо сімптомы прабадной язвы цяжка з чымсьці зблытаць:
— Асаблівасць прабадной язвы ў тым, што чалавек адразу адчувае яе з’яўленне. У сценцы страўніка ўтвараецца дзірка, змесціва страўніка трапляе ў брушную поласць, і брушына запаляецца. Чалавек адчувае гэта як удар нажа ў жывот, гэта тыповы сімптом. Не скардзіцца на гэта ён не мог, бо боль вельмі моцны. Чалавек ляжыць, ногі і рукі прыціснутыя да жывата, каб зменшыць аб’ём брушной поласці і ціск.
Калі пры такой паталогіі своечасова аказаць дапамогу, то імавернасць пасляаперацыйнай смяротнасці складзе дзясятыя долі працэнта.
— Відаць, яму некалькі дзён не аказвалі дапамогу, бо мала таго, што быў запушчаны перытаніт (запаленне брушной поласці), дык яшчэ і поліарганная недастатковасць з прычыны перытаніту, сэпсіс і нават дзірка ў дыяфрагме. Працэс цягнуўся не гадзіну-дзве, а, хутчэй за ўсё, некалькі сутак. Увесь гэты час не аказвалася дапамога, — кажа наш суразмоўца.
Паводле Ягора, у дактароў медчасткі ў турме былі ўсе шанцы выратаваць Алеся Пушкіна:
— Зразумела, што ніхто не можа зрабіць у турме аперацыю, але сімптомы зразумелыя, дастаткова своечасова выклікаць хуткую дапамогу, якая даставіць пацыента ў бальніцу, дзе яму своечасова зробяць аперацыю.
Паводле словаў Ягора, прабадная язва — адна з тыповых турэмных хваробаў. Напрыклад, такі ж дыягназ быў у Марыі Калеснікавай, якую ўдалося выратаваць.
— Калі я прачытаў навіну пра Марыю Калеснікаву, то адразу зразумеў, што ў яе запушчаная прабадная язва, але ёй проста пашанцавала, яна маладзейшая. У турме агіднае харчаванне — скарынка хлеба і шклянка гарбаты чалавека не вылекуюць. Атрымаць неабходныя медыкаменты з перадачаў немагчыма. Натуральна, у людзей збіраюцца хранічныя праблемы. Але самае важнае — ігнараванне скаргаў ад палітычных зняволеных. «Калі ты „змагар“, то мучайся» — такое стаўленне нярэдка ў беларускіх турмах, — заключае наш суразмоўца.
Чытайце таксама