У публічнай прасторы Беларусі ўсё часцей аперуюць, здавалася б, даўно забытым тэрмінам «вораг народа». У Віцебскім дзяржаўным універсітэце да гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі вырашылі правесці гульню з такой назвай, выраз усё часцей гучыць у дзяржаўных СМІ і нават з вуснаў чыноўнікаў. Паняцце «вораг народа» звычайна асацыююць з Савецкім Саюзам і перыядам Вялікага тэрору, аднак насамрэч ён мае нашмат даўжэйшую гісторыю, якая сягае каранямі тысячагоддзяў. Успамінаем, каго абвяшчалі «ворагамі народа» раней і да якіх наступстваў гэта прыводзіла.
Каго называюць «ворагамі народа» ў Беларусі?
Апошні рэзанансны эпізод са згадваннем ворагаў народа адбыўся днямі ў Віцебскім дзяржаўным універсітэце. Там да дня Кастрычніцкай рэвалюцыі для студэнтаў і ліцэістаў вырашылі правесці патрыятычныя караоке і гульню «Вораг народа». Мяркуючы з апісання на сайце самога ўніверсітэта, гэта мела быць настольная ролевая гульня па матывах «мафіі».
У тым, што ў Віцебску менавіта так назвалі гульню на аснове «мафіі», схаваная злая іронія. Калі каротка ўспомніць сутнасць гэтай забавы, то падчас гульні людзі спрабуюць вылічыць сярод кампаніі здраднікаў («мафію»), прымаючы рашэнне пра «забойства» асобных гульцоў, пасля чаго яны абавязаныя раскрыць сваю рэальную ролю. У працэсе нярэдка адбываюцца памылкі, праз што «гінуць» і ні ў чым не вінаватыя ўдзельнікі. Гістарычныя паралелі відавочныя: прыкладна тое самае адбывалася ў СССР у часы знаходжання ва ўладзе Іосіфа Сталіна: многіх людзей тады расстралялі без наяўнасці сур’ёзных доказаў таго, што яны сапраўды здзейснілі нейкае злачынства.
Тое, што адбылося ў Віцебску, можна было б спісаць на няўдалы жарт (з гістарычнага пункту гледжання арганізатары маюць рацыю: падчас бальшавіцкай рэвалюцыі ў 1917 годзе выраз «вораг народа» сапраўды актыўна выкарыстоўваўся — пра гэта мы яшчэ скажам) або слабае веданне гісторыі арганізатарамі гульні. Але падчас савецкага тэрору ў Беларусі загінулі як мінімум дзясяткі тысяч чалавек, былі рэпрэсаваныя іншымі спосабамі — сотні тысяч. А таму такая назва гульні не можа не гучаць па-блюзнерску.
Але тое, што выраз «ворагі народа» вяртаецца ва ўжытак, можна заўважыць і па іншых сферах жыцця. У прапагандысцкіх дзяржаўных СМІ так называюць многіх праціўнікаў дзейнай улады. На YouTube-канале супрацоўніка СТБ Рыгора Азаронка 21 кастрычніка выйшаў ролік, азагалоўлены так: «Аляксандр Лукашэнка і Аляксандр Дугін. Вялікія сэнсы філасофіі і палітыкі. Ліберасты — ворагі народа».

У пачатку аўтарскай перадачы на СТБ Азаронак кажа: «Якая ідэйная аснова ў калабарантаў? У нашых ворагаў і здраднікаў. Хто ён, [наш] галоўны вораг? Ліберал. Гэта непераўзыдзеная сволач! У цэнтр светабудовы ён паставіў сябе, свае хацелкі, свае бездапаможныя жаданні, сваю нікчэмнасць, сваю сліну, якую ён пускае, калі бачыць заходнія вітрыны. Раб айфонаў, раб джынсаў, раб свайго бруха».
Можна было б меркаваць, што падобныя словы можна пачуць толькі ад найбольш адыёзных прапагандыстаў, аднак гэта не так. Ворагамі народа сваіх праціўнікаў называюць і прадстаўнікі ўлады, і ў першую чаргу — Аляксандр Лукашэнка.
«Усё будзе ісці ад народа, — сказаў палітык у той жа дзень, 21 кастрычніка, на агульнавайсковым палігоне Абуз-Лясноўскі, каментуючы інфармацыю пра тое, што дэлегатаў ва Усебеларускі народны сход будзе прызначаць асабіста ён. — І няма такой неабходнасці Лукашэнку там усіх прызначаць. Ну, а ўжо тыя „свекловидные“ таварышы (гаворка пра прадстаўнікоў апазіцыі. — Заўв. рэд.) — яны туды не трапяць. Гэта дакладна. Іх ніхто не абярэ. Гэта ворагі народа. Ворагам народа там рабіць няма чаго. Людзі са сваім пунктам гледжання — калі ласка, па пэўных правілах, якія для ўсіх будуць устаноўленыя. Калі ім будзе аказаны давер на выбарах, яны туды трапяць».
Гэта далёка не першы раз, калі Лукашэнка выкарыстоўвае такі выраз. Характэрна, што «ворагі народа» ў яго прамове звычайна з’яўляюцца падчас палітычных і эканамічных складанасцяў у краіне.
«Гэта не апазіцыя, гэта проста ворагі народа, таму што яны робяць тое, што недапушчальна ні ў адной дзяржаве, нават самай дэмакратычнай», — гаварыў ён у 2009 годзе на фоне разгару сусветнага фінансавага крызісу (так Лукашэнка пракаментаваў заклікі апазіцыйных палітыкаў да Захаду спыніць супрацоўніцтва з Мінскам і, у прыватнасці, блакаваць удзел Беларусі ў праекце Еўрасаюза «Усходняе партнёрства»).

«Гэтая ўся шалудзівая маса невялікая, якая топчацца на плошчах, ці то мыкае, ці то тупае, ці то крычыць. Яны хочуць скарыстацца момантам. Яны выдатна разумеюць, што кожны дзень мы з гэтага становішча, панікі, якую стварылі самі ў пачатку года, будзем выходзіць, і мы выходзім <…>, — гаварыў Лукашэнка падчас фінансавага крызісу ў краіне ў 2011 годзе. — Уся гэтая пятая калона разумее: яшчэ тры месяцы — і людзі забудуць, што ў нас недзе нейкія цэны падняліся, іншыя праблемы ўзніклі, і тады ўжо падставаў тупаць і мыкаць не будзе. < … > Вось чаму яны лічаць сябе апазіцыяй. Якая гэта апазыцыя: сёння ў СМІ пайшлі прапановы, каб эканамічна задушыць Беларусь. Гэта зноў новы віток пачаўся. Гэта ворагі народа, гэтая пятая калона, таму ім усё кепска».
Ужыванне выразу «вораг народа» можа падавацца бяскрыўдным рытарычным прыёмам, аднак гісторыя сведчыць, што гэта не так. Мы ўспомнілі тры прыклады з мінулага — і ў кожным з іх з’яўленне тэрміна ў грамадскім жыцці цягнула за сабой крывавыя падзеі.
Старажытны Рым: «Ворагі народа — палітычныя праціўнікі і шалёныя імператары»
Для таго каб стаць ворагам народа, патрэбны народ. Гэтую, здавалася б, простую ўмову далёка не заўсёды можна было выканаць у ранейшыя стагоддзі. У большасці дзяржаваў старажытнасці ўлада не абапіралася на людзей, якія яе засялялі, а сам народ, адпаведна, не меў якой-кольвек палітычнай суб’ектнасці.
Інакш была ўладкаваная Рымская рэспубліка — там, як і ў сучасных краінах, крыніцай улады лічыўся менавіта народ, то-бок грамадзяне Рыма. Поўная лацінская назва дзяржавы — Res publica Populi Romani — перакладаецца як «агульная справа народа Рыма». Грамадзяне дзяржавы праводзілі сходы, на якіх прымалі законы і абіралі выканаўчую ўладу ў выглядзе магістратаў. Таксама ў дзяржаве існаваў Сенат (сход найвышэйшай арыстакратыі), куды прызначаліся былыя магістраты — гэты орган загадваў казной і замежнай палітыкай Рыма.
Менавіта да эпохі Старажытнага Рыма навуковец-юрыст Сяргей Шышкоў адносіць першае з’яўленне тэрміна «вораг народа». Цікава, што па часе яно супала з працэсам распаду рэспублікі і ўстанаўлення ў Рыме дыктатуры. Галоўнымі дзейнымі асобамі былі два палітычныя цяжкавагавікі: Гай Марый і Карнэлій Сула. Першы паходзіў з плебейскага роду і прадстаўляў народную «партыю» папуляраў, другі ж быў патрыцыем.
Марый дамогся велізарных поспехаў у ваеннай справе, рэфармаваў армію і разбіў варварскія войскі, якія пагражалі Рыму, дзякуючы чаму рэкордныя сем разоў абіраўся консулам — то-бок займаў найвышэйшую дзяржаўную пасаду ў Рымскай рэспубліцы (усяго ў Рыме абіраліся па два консулы кожны год). З дапамогай законаў, прапанаваных трыбунам Публіем Сульпіцыем, Марый паспрабаваў канчаткова ўзурпаваць уладу, Аднак Сула са сваёй арміяй здзейсніў паход на Рым. Марыю давялося бегчы, а сталіцу рэспублікі ўпершыню ў яе гісторыі захапіла армія — прычым яе ўласная.

Сулла ўзурпаваць уладу не стаў, хаця меў для гэтага ўсе магчымасці. Армію ён адразу адправіў рыхтавацца да высадкі ў Грэцыі, а сам паспрабаваў вярнуцца да ранейшага ладу. Адначасова Сенат прыняў закон, паводле якога Марый, яго сын, Сульпіцый і яшчэ дзевяць чалавек былі абвешчаныя hostis publicus — то-бок літаральна «ворагамі народа». Гаворка ішла пра іх спробу падарваць дэмакратычны лад Рыма. У якасці пакарання было абранае «пазбаўленне вады і агню» — то-бок забарона на пражыванне са сваімі грамадзянамі або высылка з рэспублікі. Выгнаннік пазбаўляўся маёмасці і грамадзянства, а ў выпадку вяртання любы мог беспакарана яго забіць.
Так і адбылося з многімі людзьмі, якіх Сенат назваў «ворагамі народа» — напрыклад, Сульпіцыем. Аднак Марыю ўдалося выжыць — ён змог пераправіцца ў Афрыку і схаваўся ў руінах Карфагена. Тым часам Сула скіраваўся з войскам у Грэцыю ў даўно запланаваны паход. У яго адсутнасць Марый зноў высадзіўся ў Італіі, аб’яднаўся са сваімі прыхільнікамі і захапіў Рым, учыніўшы там разню людзей, якія падтрымлівалі Сулу. У прыватнасці, законнага консула Гнея Актавія забілі проста на форуме, а яго галаву выставілі на ўсеагульны агляд. Такая ж лёс чакаў многіх сенатараў.
Праўда, і сам Марый, які абвясціў сябе консулам, кіраваў нядоўга — пасля элегантнай перамогі ён пачаў співацца і ў 86 годзе да нашай эры памёр. Сула тым часам вярнуўся са сваёй арміяй з пераможнага паходу ў Грэцыю, высадзіўся на поўдні Італіі і пачаў новую кампанію супраць марыянцаў. Гэтым разам паход на Рым таксама не запатрабаваў вялікіх высілкаў: насельніцтва рэспублікі, незадаволенае дзеяннямі Марыя, схілялася да падтрымкі яго саперніка. У выніку пасля некалькіх буйных бітваў марыянцы былі разбітыя, а іх лідары, уключаючы сына, Марыя, — знішчаныя.
Гэтым разам Сула вырашыў не паўтараць ранейшых памылак — і забраў уладу цалкам. У 82 годзе да н.э., упершыню за больш чым 100 гадоў, у Рыме абралі дыктатара — то-бок чыноўніка з шырокімі паўнамоцтвамі, адказнага за кіраванне краінай у цяжкі перыяд. Прычым улада ранейшых дыктатараў абмяжоўвалася 6 месяцамі, цяпер жа Суле выдалі мандат «да таго часу, пакуль Рым, Італія, уся рымская дзяржава, якую скаланулі міжусобныя звады і войны, не ўмацуецца». Была прынятая пастанова, што давала яму права прызначаць смяротнае пакаранне, канфіскоўваць маёмасць, засноўваць калоніі, будаваць і разбураць гарады, даваць і адбіраць пасады. Акрамя таго, сенатары абвясцілі, што ўсе мерапрыемствы Сулы — як у мінулым, так і ў будучыні — па змаўчанні прызнаюцца законнымі.
Але галоўным і, напэўна, самым вядомым новаўвядзеннем Сулы, нацэленым на барацьбу з іншадумствам, сталі праскрыпцыі. Праскрыпцыйныя спісы былі ў рэспубліцы і раней — з іх дапамогай абвяшчалі імёны неплацежаздольных даўжнікоў. Аднак за Сулам у спісы пачалі ўносіць людзей, якіх трэба было ліквідаваць — першым часам гаворка ішла пераважна пра асабістых ворагаў дыктатара.
Спісы неўзабаве пачалі папаўняцца імёнамі багатых рымлян, далёкіх ад палітыкі. З дапамогай іх забойства многія папросту ўзбагачаліся, бо выканаўцам «прысудаў» выплачвалі 40 кг срэбрам, а ў выпадку, калі праскрыбаванага забіваў раб, апошні атрымліваў свабоду. Зараблялі на смерці «ворагаў народа» і набліжаныя Сулы, якія распрадавалі маёмасць забітых. Дакладная колькасць загінулых падчас праскрыпцый невядомая, звычайна прыводзяцца лічбы ў некалькі сотняў або некалькі тысяч прадстаўнікоў розных саслоўяў. Пад пагрозай смерці тады быў нават малады Гай Юлій Цэзар.
Палітыка праскрыпцый захоўвалася і за палітыкамі, якія змянілі Сулу. Яна стала адным з сімвалаў заняпаду Рымскай рэспублікі і дэмакратыі ў ёй — роля выбарных органаў знізілася, краінай кіравалі «трыумвіраты», у якія ўваходзілі вайскоўцы і арыстакраты. У 27 годзе да н.э. у краіне афіцыйна быў усталяваны прынцыпат, які ператварыў рэспубліку ў манархію — Рымскую імперыю.

Французская рэвалюцыя: тысячы забітых за «свабоду, роўнасць і братэрства»
Пасля падзення Заходняй Рымскай імперыі паняцце «вораг народа» выйшла з ужытку больш чым на тысячу гадоў. Прычына простая: у Еўропе ўсталяваўся феадальны лад, у якім народ перастаў граць вызначальную ролю. Улада манархаў абапіралася не на меркаванне людзей, а на бога — лічылася, што менавіта ён дае ім «мандат» на кіраванне. Адпаведна, палітычных праціўнікаў абвяшчалі «ворагамі бога», а не народа.
Аднак у канцы XVIII стагоддзя ўсё пачало мяняцца. Спачатку ў 1787 годзе прымаюць Канстытуцыю ў ЗША, у якой выразна пазначана, што крыніцай улады і суверэнітэту з’яўляецца народ. Ужо праз два гады ў Францыі была зрынутая крэпасць — турма Бастылія — а разам з ёй і абсалютная манархія. Пад лозунгам «Свабода, роўнасць, братэрства» была абвешчаная рэспубліка, у якой усе грамадзяне былі роўныя ў правах. «Суверэнітэт абапіраецца на народ; ён адзіны, непадзельны, не пагашаецца даўнасцю і неадчужальны», — гаварылася ў французскай Дэкларацыі правоў чалавека і грамадзяніна.
«12 верасня таго ж [1787] года выйшаў першы нумар газеты „Сябар народа“. Яе выдаваў адзін з правадыроў рэвалюцыі Жан-Поль Марат, які атрымаў ад сваіх аднадумцаў аднайменны ганаровы тытул. Неўзабаве сябрамі народа пачалі называць сябе ўсе найбольш актыўныя рэвалюцыянеры. Праціўнікі рэвалюцыі зрабіліся, зразумела, ворагамі народа, а заадно і ворагамі нацыі, радзімы, свабоды, дзяржавы. Такімі злавеснымі эпітэтамі палымяныя патрыёты таўравалі сваіх палітычных апанентаў», — піша Сяргей Шышкоў.

Адной з самых уплывовых групаў французскіх рэвалюцыянераў былі якабінцы — удзельнікі палітычнага Якабінскага клуба, якія былі прыхільнікамі абсалютнай роўнасці ў грамадстве, дасягнуць якога, на іх думку, можна было самымі радыкальнымі мерамі, уключаючы тэрор. Клуб вельмі хутка набраў папулярнасць, а ў чэрвені 1793 года яго прыхільнікі атачылі парламент (Нацыянальны Канвент), выгналі з яго сваіх праціўнікаў жырандыстаў (многіх затым арыштавалі і пакаралі смерцю; адзін з іх перад пакараннем смерцю вымавіў знакамітую фразу пра «рэвалюцыю, што пажырае сваіх дзяцей») і на кароткі перыяд захапілі ўладу. Кіраваць пачалі лідары якабінцаў: Максіміліян Рабесп’ер, згаданы вышэй Марат і Жорж Жак Дантон.
Ужо ў верасні якабінцы прынялі «Закон аб падазроных», які загадваў браць пад арышт усіх «падазроных». Такімі абвяшчаліся «ворагі рэвалюцыі і рэспублікі, што спачуваюць тыраніі» — пад гэтае вызначэнне мог трапіць фактычна кожны. Турмы хутка запоўніліся людзьмі, якіх Рабесп’ер і яго прыхільнікі падазравалі ў нелаяльнасці, пачаліся масавыя пакаранні. Для рэалізацыі палітыкі дзяржавы быў створаны шэраг камітэтаў: Камітэт грамадскага выратавання, Камітэт грамадскай бяспекі, Рэвалюцыйны трыбунал. Іх прадстаўнікі — камісары — мелі велізарныя паўнамоцтвы, у тым ліку па рэалізацыі тэрору. Праз сто з лішнім гадоў абодва паняцці — і «камітэт», і «камісар» — прыйдуць у рускую мову разам з перамогай бальшавікоў, якія натхняліся Французскай рэвалюцыяй.
Апошні са згаданых вышэй органаў, Рэвалюцыйны трыбунал, быў рэарганізаваны законам ад 10 чэрвеня 1794 года. Гэты ж дакумент уводзіў юрыдычнае паняцце «вораг народа» (ennemi du peuple).
Ворагам народа можна было назваць любога чалавека. Аднак меркавалася, што над падазраванымі ўсё ж правядуць суд — магчыма, гэта мусіла засцерагчы ад памылкі? На жаль, не. Таемныя дасудовыя допыты для ворагаў народа былі скасаваныя — іх каротка дапытвалі на самім судзе. У выпадку наяўнасці якіх-кольвек доказаў сведак па справе можна было не заслухоўваць. Абаронцаў абвінавачаным не належала, пакаранне выконвалі неадкладна. Усім грамадзянам па гэтым законе давалася права самастойна затрымліваць і перадаваць уладам тых, у кім яны бачылі ворагаў народа, больш за тое — грамадзяне былі абавязаныя данесці на такіх людзей.
«Рэвалюцыйны трыбунал дзейнічаў да канца якабінскай дыктатуры і некаторы час пасля тэрмідарыянскага перавароту (чарговы пераварот у Францыі адбыўся ў ліпені 1794 года. — Заўв. рэд.), хоць яго склад цалкам абнавіўся, — піша Сяргей Шышкоў. — Іншым стаў і склад асуджаных, у лік якіх трапіў шэраг былых чальцоў гэтага карнага органа. Так, у сакавіку 1795 года быў асуджаны на смерць былы грамадскі абвінаваўца [Антуан] Фук’е-Тэнвіль. Раней, у ліпені 1794-га, перад Рэвалюцыйным трыбуналам паўсталі Рабесп’ер і яго найбліжэйшыя паплечнікі. Але іх не судзілі, бо, абвешчаныя па-за законам Канвентам, яны падлягалі толькі судоваму апазнанню і пакаранню без суда. У траўні 1795 года Рэвалюцыйны трыбунал быў скасаваны. Вынесеныя ім прысуды паспелі адправіць на гільяціну амаль тры тысячы чалавек. Агульную колькасць ахвяраў рэвалюцыйнага тэрору падлічыць немагчыма. Нярэдка гісторыкі прыводзяць такія лічбы: 17 тысяч пакараных, не лічачы расстраляных на месцы без суда і следства».

Усе ўзрушэнні рэвалюцыйных гадоў у Францыі прывялі да таго ж, што адбылося ў Рыме. Пасля шэрагу пераваротаў да ўлады ў 1799 годзе прыйшоў генерал — Напалеон Банапарт, які ўзвысіўся за гады вайны. Ён абвясціў сябе консулам, а пасля здолеў сканцэнтраваць у сваіх руках дыктатарскую ўладу і ператварыўся ўжо ў імператара. Гэта ў сваю чаргу прывяло да напалеонаўскіх войнаў — серыі ваенных канфліктаў, ахвярамі якіх стала не менш за тры мільёны чалавек.
СССР часоў Леніна і Сталіна: сотні тысяч бязвінных ахвяраў
Дзеяннямі якабінцаў падчас тэрору натхняліся і многія паслядоўнікі марксізму. А таму паўтарэнне гэтай практыкі пасля рэвалюцыі ў Расіі было прадказальным. Яшчэ ў 1905 годзе падчас першай рускай рэвалюцыі Уладзімір Ленін выкарыстаў тэрмін «вораг народа» ў дачыненні да імператара Мікалая II.
Ужо пасля Лютаўскай рэвалюцыі, у чэрвені 1917 года, Ленін апублікаваў артыкул «Пра ворагаў народа». У ім ён пісаў наступнае: «Прыклад якабінцаў павучальны. Ён і дагэтуль не састарэў, толькі ўжываць яго трэба да рэвалюцыйнага класа XX стагоддзя, да рабочых і паўпралетарыяў. Ворагі народа для гэтага класа ў XX стагоддзі — не манархі, а памешчыкі і капіталісты як клас».
Аднак важна заўважыць, што тэрмінам карысталіся не толькі бальшавікі, але і прадстаўнікі іншых палітычных плыняў таго часу. Так, кіраўнік часовага ўрада Аляксандр Керанскі, выступаючы ў сакавіку 1917 года перад дэлегацыяй Чарнаморскага флоту, заявіў: «Прашу вас не верыць чуткам, якія распаўсюджваюцца ворагамі народа і свабоды, што імкнуцца падарваць сувязь паміж Часовым урадам і народам». Аналагічны тэрмін ва ўлётках таго часу ўжываўся ў дачыненні да генерала Лаўра Карнілава, які падняў мяцеж і паспрабаваў усталяваць у Расіі ваенную дыктатуру.
Аднак галоўнымі прыхільнікамі такога вызначэння былі менавіта бальшавікі — прычым задоўга да прыходу да ўлады Іосіфа Сталіна. Ленін і яго прыхільнікі выкарыстоўвалі тэрмін у якасці своеасаблівага пункта абвінавачання — першай ахвярай, паводле інфармацыі Сяргея Шышкова, стаў генерал, вярхоўны галоўнакамандуючы рускай арміі, генерал-лейтэнант Мікалай Духонін, які адмовіўся выконваць распараджэнне бальшавікоў аб пачатку мірных перамоваў з Германіяй і Аўстрыяй. За гэта ў лістападзе 1917-га яго знялі з пасады і абвясцілі ворагам народа. Падчас спробы выехаць са стаўкі ў Магілёве Духонін быў жорстка забіты на пероне вакзала натоўпам салдат.

У тым жа месяцы бальшавікі выпусцілі Дэкрэт аб арышце правадыроў грамадзянскай вайны супраць рэвалюцыі. «Чальцы кіраўнічых установаў партыі кадэтаў, як партыі ворагаў народа, падлягаюць арышту і суду рэвалюцыйных трыбуналаў», — гаварылася ў кароткім дакуменце. У студзені 1918-га ўрад Леніна абвясціў ворагам народа камандуючага румынскім фронтам генерала Дзмітрыя Шчарбачова. Пасля гэтага выраз практычна знік з публічнага поля.
Аднак тэрмін атрымаў новае жыццё пасля прыходу да ўлады Іосіфа Сталіна. У 1920−30-я гады ён вёў барацьбу са сваімі палітычнымі канкурэнтамі, падчас якой тыя нярэдка атрымлівалі ад самога генеральнага сакратара і савецкіх рэпрэсіўных ведамстваў такое вызначэнне. Аднак яно датычыла і звычайных людзей. У 1928 годзе мела месца знакамітая «Шахцінская справа» аб сабатажы і шкодніцтве ў горназдабыўной прамысловасці — праўда, там абвінавачаных яшчэ называлі «класавымі ворагамі» (што можна лічыць сінонімам, бо ў СССР быў адзін клас, які кіраваў і прадстаўляў народ — пралетарыят).
А ўжо ў 1932 годзе «ворагамі народа» афіцыйна сталі раскрадальнікі грамадскай уласнасці — пра гэта гаварылася ў пастанове ЦВК СССР (у 1936 годзе тэрмін «вораг народа» замацуюць у Канстытуцыі СССР менавіта для такіх людзей, ён праіснуе ў асноўным дакуменце Саюза да прыняцця новай Канстытуцыі ў 1977-м).
«Таўром „ворага народа“ пазначалі асобаў, ідэйна не згодных з палітыкай партыйнага кіраўніцтва, і тых, хто ёй актыўна супрацьстаяў. У прапагандысцкіх матэрыялах, у прыватнасці, у знакамітым „Кароткім курсе гісторыі ВКП (б)“ словазлучэнне „ворагі народа“ суседнічала з мноствам іншых зневажальных эпітэтаў і палітычных лаянак: „вылюдкі“, „падонкі чалавечага роду“, „белагвардзейскія пігмеі“, „белагвардзейскія казюлькі“, „нікчэмныя лёкаі фашыстаў“. І ўсе гэтыя „вылюдкі“ і „пігмеі“, як вынікала з „Кароткага курсу…“, „даўно ўжо складалі адну агульную хеўру ворагаў народа“. Сталінская прапаганда асабліва падкрэслівала: ідэйныя рознагалоссі з генеральнай лініяй партыі заканамерна і непазбежна перарастаюць у актыўнае супрацьдзеянне ёй і ў выніку прыводзяць нязгоднага да лютых ворагаў савецкага сацыялістычнага ладу», — пісаў Сяргей Шышкоў.
У чымсьці савецкая практыка барацьбы з «ворагамі народа» нагадвала французскую, а ў чымсьці кардынальна ад яе адрознівалася. Да прыкладу, смяротнае пакаранне ў СССР не было адзіным магчымым пакараннем за такога кшталту «злачынствы» — многіх «ворагаў народа» адпраўлялі ў лагеры або высылалі. У той жа час у Савецкім Саюзе, у адрозненне ад якабінскага перыяду, падчас следства выкарыстоўваліся катаванні — афіцыйна забароненыя, але па факце дазволеныя асабіста Сталіным.
«ЦК ВКП тлумачыць, што выкарыстанне фізічнага ўздзеяння [да арыштаваных] у практыцы НКУС было дапушчанае з 1937 года з дазволу ЦК ВКП. Пры гэтым адзначалася, што фізічнае ўздзеянне дапускаецца як выключэнне і прытым у дачыненні да толькі такіх відавочных ворагаў народа, якія, карыстаючыся гуманным метадам допыту, нахабна адмаўляюцца выдаць змоўшчыкаў, месяцамі не даюць паказанняў, імкнуцца затармазіць выкрыццё пакінутых на волі змоўшчыкаў, — такім чынам, працягваюць барацьбу з савецкай уладай таксама і ў турме. Досвед паказаў, што такая ўстаноўка дала свае вынікі, нашмат паскорыўшы справу выкрыцця ворагаў народа», — напісаў Сталін у паведамленні, накіраваным у партыйныя органы і рэгіянальныя аддзяленні НКУС у 1939 годзе.

Яшчэ адно савецкае новаўвядзенне — з’яўленне паняцця «член сям'і здрадніка радзімы», які затым трансфармаваўся ў «члена сям'і ворага народа». Такі тэрмін з’явіўся ў савецкім праве ў 1934 годзе (першапачаткова менавіта для здраднікаў — напрыклад, вайскоўцаў, якія ўцяклі за мяжу, потым — і для палітычных апанентаў) і меркаваў пакаранне не толькі для саміх «ворагаў народа», але і для іх блізкіх. Мужа, жонку і паўналетніх дзяцей таксама расстрэльвалі, адпраўлялі ў лагеры, у высылку, а малалетніх дзяцей, калі іх не паспявалі выратаваць далёкія сваякі, забіралі ў дзіцячыя дамы з прысваеннем новага прозвішча.
А вось судовыя падыходы ў барацьбе з «ворагамі народа» ў СССР былі вельмі падобныя да французскіх. Неўзабаве пасля забойства кіраўніка Ленінградскага абкама партыі Сяргея Кірава ўрад СССР прыняў пастанову «Аб парадку вядзення справаў аб падрыхтоўцы або здзяйсненні тэрарыстычных актаў», у якой прапаноўвалася:
- Следства па гэтых справах заканчваць у тэрмін, не даўжэйшы за дзесяць дзён.
- Абвінаваўчае заключэнне ўручаць абвінавачаным за адны суткі да разгляду справы ў судзе.
- Справы слухаць без удзелу бакоў.
- Касацыйнага абскарджання прысудаў, як і падачы хадайніцтваў аб памілаванні, не дапускаць.
- Прысуд да найвышэйшай меры пакарання прыводзіць у выкананне неадкладна па вынясенні прысуду.
Аднак галоўнае — сутнасць і прызначэнне тэрміна «вораг народа» — што ў Францыі, што ў СССР супадала: з яго дапамогай можна было знішчыць практычна любога чалавека, нават калі ён не здзяйсняў ніякіх злачынстваў. Жудасна, але гэтым карысталіся і многія савецкія грамадзяне, якія даносілі на непажаданых сабе людзей. Падчас кароткага паслаблення рэпрэсій, на XVIII з’ездзе Кампартыі ў 1939 годзе, агучваліся такія эпізоды (іх таксама прыводзіць у сваім артыкуле Сяргей Шышкоў): «Вось нейкі паклёпнік, ні адна з выкрывальных заяваў якога не пацвердзілася, раптам папрасіў пуцёўку на курорт. Па яго ўласных словах, ён „выбіўся з сіл у барацьбе з ворагамі“. Партыец з Краснаярскага краю х прозвішчам Аляксееў „працаваў дрэнна, увесь свой час аддаючы пісанню паклёпніцкіх заяваў на сумленных камуністаў і беспартыйных“… тут „справаў“ было ў яго шмат, і ён завёў сабе спіс са спецыяльнымі графамі: „вялікі вораг“, „маленькі вораг“, „варажок“, „варажаня“. Няма чаго і казаць, што ён ствараў у раёне зусім немагчымую абстаноўку. Урэшце ён быў выключаны з партыі».
Барацьба з «ворагамі народа» ў СССР аслабла толькі пасля смерці Сталіна. Іранічна, але, відаць, апошнім расстраляным, у дачыненні да якога ўжывалася такая фармулёўка, стаў былы кіраўнік галоўнага рэпрэсіўнага органа СССР Лаўрэнцій Берыя (у апублікаванай у друку пасля пакарання смерцю заяве Вярхоўнага суда ён быў названы «злосным ворагам савецкага народа»). Агульная ж колькасць тых, хто падпаў пад рэпрэсіі як «ворагі народа» ў Савецкім Саюзе, невядомая. Але зразумець прыкладныя маштабы можна: у даведцы, падрыхтаванай у 1954 годзе на імя Мікіты Хрушчова, паведамлялася, што за «контррэвалюцыйныя злачынствы» ў перыяд з 1921 па 1954 год былі расстраляныя 642 980 чалавек, адпраўленыя ў лагеры — 2 369 220, у высылкі — 765 180. Ёсць і іншыя, больш маштабныя, ацэнкі. У любым выпадку можна сказаць, што тэрмін «вораг народа» зламаў жыццё мільёнам людзей, абярнуўся смерцю для сотняў тысяч.
Што ўсё гэта значыць для Беларусі?
Сам факт з’яўлення вызначэння «вораг народа» ў публічнай прасторы Беларусі не можа не палохаць. Як паказвае гісторыя, ва ўсіх папярэдніх выпадках ён выкарыстоўваўся толькі для аднаго — масавага фізічнага знішчэння апанентаў, а таксама закручвання гаек у цяжкія для ўладаў часы. Яшчэ адно наступства — узмацненне аднаасобных дыктатарскіх рэжымаў (Рым і Францыя ператварыліся ў імперыі, СССР зрабіўся асабістай дыктатурай Сталіна).
Можна меркаваць, што з вуснаў Лукашэнкі выраз гучыць толькі як гістарычны атавізм — усё ж палітык вырас у СССР, а таму можа лічыць яго выкарыстанне дапушчальным альбо папросту няправільна тлумачыць яго сэнс. Аднак пра тое, што стандарты сталінскіх часоў здаюцца ўладам прымальнымі, сведчыць і многае іншае. Да прыкладу, прапаганда ўжо адкрыта заклікала грамадзян даносіць на апанентаў улады.
Усё гэта выглядае вельмі злавесна, а таму выкарыстанне тэрміна «вораг народа» для назвы гульні ва ўніверсітэце яшчэ больш абурае: ва ўстанове адукацыі мусілі знайсціся людзі, якія б паказалі на негатыўны бэкграўнд тэрміна.
Пра небяспеку тэрміна ў завяршэнні свайго артыкула казаў (хай і ў дачыненні да Расіі) і Сяргей Шышкоў, на якога мы часта спасылаліся ў гэтым тэксце. «У Расіі таксама яшчэ не перавяліся аматары выкарыстоўваць слова „вораг“ у дачыненні да сваіх апанентаў у публічных прамовах і закліках. Прызнаюся, мяне гэта турбуе. „Не будзі ліха, пакуль спіць ціха“. Бо вораг — гэта не той, з кім варта весці палеміку або спрабаваць знайсці разумны кампраміс, а той, каго ў бязлітаснай і непрымірымай барацьбе неабходна абясшкодзіць і разграміць. Вораг, які не здаецца, падлягае знішчэнню. Менавіта з гэтай мэтай дзяржаўныя мужы суровай Рымскай рэспублікі ўвялі ва ўжытак паняцце hostis populi. І нават сёння, праз больш чым два тысячагоддзі пасля яго з’яўлення, усім нам нельга забываць горкія ўрокі гісторыі, калі пад лозунгам барацьбы з „ворагамі народа“ ажыццяўлялася масавае знішчэнне людзей», — піша юрыст, і з ім складана не пагадзіцца.
Чытайце таксама


