Многія прадметы, да якіх мы прывыклі ў побыце, рэзка знікаюць з жыцця палітвязняў. А тое, што ўсё ж атрымліваецца здабыць, часта выкарыстоўваецца самым нечаканым чынам. Спыталі ў палітвязняў, што вызваліліся, пра тое, якія прадметы былі на вагу золата за кратамі — і паказваем вам.
Рэдакцыя «Люстэрка» разам з дзясяткамі іншых незалежных медыя і грамадскіх арганізацый запускае марафон дапамогі палітвязням і іх сем’ям «Нам не ўсё адно!». Мы будзем збіраць грошы для людзей, якіх беларускі рэжым усімі сіламі спрабуе ізаляваць. Улады хочуць, каб палітычныя зняволеныя і іх блізкія адчувалі сябе забытымі — і нам, беларусам, вельмі важна гэтага не дапусціць. Дапамажыце людзям, якія апынуліся за кратамі за свае перакананні.
Запалкі ў СІЗА даступныя, і да іх выкарыстання падыходзілі творча. Напрыклад, рабілі з іх пінцэт для броваў. Для Іны такое вынаходніцтва суседак па камеры аказалася вельмі дарэчным: «Браліся дзве запалкі, я клалася на калені суседцы або на падушку, пад святло, і запалкамі вырывалі. У мяне не было асаблівай патрэбы наводзіць прыгажосць, і я гэта рабіла два разы: калі толькі прыехала з Акрэсціна і перад судом. А дзяўчаты часта шчыпалі, і не толькі бровы, нават валасы на нагах». Фота: «Люстэрка»«У СІЗА ў мяне былі сур’ёзныя праблемы з зубамі, а ў адной дзяўчынкі былі такія вось зубачысткі. Я вельмі доўга набіралася смеласці папрасіць, бо разумела, што і ёй яны патрэбныя. Аднойчы яна ўбачыла, як я калупаюся кавалкам паперы ў роце, і сказала: „На“. І я гэтую аднаразовую палачку два месяцы берагла», — расказвае Іна. Гэтак жа беражліва ў камеры захоўвалі і ватныя палачкі: «Вельмі каштоўна было раз на месяц-паўтара пачысціць вушы». Фота: «Люстэрка»Ежа ў зняволенні «прэсная і жудасная». Рэгулярных перадач Іна не атрымлівала (жанчына родам з Гродна, а сядзела ў СІЗА на Валадарскага ў Мінску), таму прасіла дасылаць у пасылках спецыі. «Каб з’явіўся апетыт і хоць неяк можна было есці гэтую ежу, бо харчавацца трэба было ў любым выпадку», — расказвае яна. Спецыі Іне перадавалі ледзь не кілаграмамі, як і многім іншым у камеры. Фота: «Люстэрка»Жоўтыя сцены камеры і пастаяннае святло Іна называе «проста кашмарнымі», і ў такіх умовах любыя яркія карцінкі радавалі вока. «Занадта была бедная абстаноўка. Перыядычна гэтыя паштоўкі даставаліся (у каго былі вялікія калекцыі), пускаліся па нарах, і мы ўсе разглядалі. Гэта займала шмат часу, гадзіну-паўтары. Плюс дзяўчаты перыядычна абменьваліся імі, і мы маглі ад сябе паслаць паштоўку блізкім — гэта было каштоўна». Вельмі важныя і надушаныя паштоўкі і лісты: жанчына ўспамінае, што яркія пахі пасярод затхлага паветра камеры нібы пераносілі ў іншы свет. Фота: «Люстэрка»У пластыкавых бутэлек з вадой у СІЗА шмат функцый: з іх дапамогай можна памыцца, выкарыстаць замест падушкі, а напоўненыя вадой, яны хоць неяк астуджаюць у спёку. У камеры Валянціна бутэлькі выкарыстоўвалі як гантэлі для заняткаў спортам: «Некалькі паўтара-двухлітровых бутэлек клалі ў пакет і займаліся», — расказвае ён. У калоніі ў такой замене інвентару неабходнасці асабліва не было, для зняволеных віселі турнікі. Фота: «Люстэрка»Звычайная шарыкавая ручка ў СІЗА перайшла ў катэгорыю сталовых прыбораў: ёю зручна размешваць нешта ў кубку, а яшчэ яе корпус замяняе трубачку для напояў. «Часам ад ручкі адломлівалі кончык, каб зусім было падобна», — расказвае Вольга. Ужо ў калоніі яна знайшла ўжытак і стрыжню: яго экс-палітзняволеная выкарыстоўвала як кручок для вязання. Фота: «Люстэрка»У паўсядзённым жыцці ніткі выкарыстоўваюцца рэдка, толькі калі трэба нешта зашыць. У зняволенні яны робяцца ў разы важнейшымі: з нітак можна зрабіць нож, без якога пражыць няпроста. «Для гэтага патрэбныя два чалавекі. Бярэцца неабходная даўжыня, і ніткі скручваюцца паміж сабой. У выніку яны ператвараюцца ў канацік, і ім можна рэзаць. Гэта рабілі таксама ўдваіх», — тлумачыць Віталь прынцып стварэння і працы нажа з падручных сродкаў. Мужчына ўдакладняе: нож зняволеным таксама выдавалі, але чакаць яго доўга і не заўсёды можна атрымаць. Фота: «Люстэрка»«У зняволенні ўзрастае значэнне ўсіх прадметаў гігіены. Напрыклад, абцужкі для пазногцяў — суперкарысная рэч. Іх маглі забраць, але можна было дамаўляцца: міліцыянтам таксама не прыкольна ўвесь час даваць тупыя нажніцы», — расказвае Лявон. Фота: «Люстэрка»Каляровыя алоўкі і фламастары, якіх зняволеныя маглі не браць у рукі гадамі, за кратамі аказваюцца адной з нямногіх даступных забаваў. «Вельмі добра і карысна, калі яны ёсць. Я вельмі шмат маляваў там, — успамінае Лявон. — З адной ручкай і сшыткам сумна. А калі ты можаш нешта памаляваць, становіцца прасцей. А ўжо калі ёсць клей, то можна яшчэ больш усяго зрабіць». Фота: «Люстэрка»Кубкі ў СІЗА на Валадарскага нейкі час былі металічнымі і з ручкамі, успамінае Лявон. А потым іх замянілі на такія ж металічныя шклянкі, і «гэта была проста катастрофа» — апошнія награваліся ў разы мацней, чым кубкі. Каб хоць неяк трымаць іх у руках, зняволеныя надзяваюць на шклянкі абрэзаныя шкарпэткі. Гэты прадмет гардэроба часам можна выкарыстоўваць творча: разам з аднакамернікамі Аляксандр аднойчы пашыў са шкарпэтак мяч. «Мы назбіралі шкарпэтак, сшылі і гулялі ў футбол. На дзве гульні яго хапіла», — удакладняе ён. Фота: «Люстэрка»Нечаканае выкарыстанне ў камерах СІЗА атрымала туалетная папера. «Пасля таго як ходзіш у прыбіральню (асабліва калі ў чалавека нейкія праблемы са страўнікам), у камеры вельмі непрыемна пахне. І ў такім выпадку можна ўзяць туалетную паперу, падпаліць і пакінуць потым тлець. Атрымліваецца такі мясцовы асвяжальнік паветра», — апісвае Аляксандр. Фота: «Люстэрка»