З нагоды канфлікту ў арганізацыі BYPOL праводзіцца праверка, паведамілі ў Аб’яднаным пераходным кабінеце. На гэты момант уцечак інфармацыі, сабранай у рамках плана «Перамога» і іншых ініцыятываў BYPOL, а таксама пагрозаў захаванай інфармацыі не выявілі.

«На сёння запланаваная медыяцыя паміж бакамі канфлікту ў прысутнасці кіраўніцтва Аб’яднанага пераходнага кабінета», — праінфармавалі ў АПК.
Нагадаем, увечары ў чацвер, 8 чэрвеня, у BYPOL успыхнуў скандал. Спачатку кіраўнік арганізацыі Аляксандр Азараў заявіў, што некалькі супрацоўнікаў адмовіліся праходзіць паліграф, у аднаго з іх, Мацвея Купрэйчыка, — доступ да сацсетак.
Неўзабаве ў тэлеграм-канале АБС з’явілася заява — там Азарава і Станіслава Лупаносава абвінавацілі ў «дэструктыўнай дзейнасці і парушэннях патрабаванняў бяспекі». Абодва бакі «звольнілі» адно аднаго з каманды. Аб’яднаны пераходны кабінет не стаў публічна каментаваць сітуацыю, але паабяцаў правесці праверку.