Выбары прэзідэнта Рэспублікі Беларусь прызначаныя на 26 студзеня 2025 года. Такое рашэнне прынялі на паседжанні Палаты прадстаўнікоў.

Цэнтральная выбарчая камісія «гатовая да пачатку выбарчай кампаніі», заявіў старшыня ЦВК Ігар Карпенка на паседжанні ППНС, перадае БЕЛТА.
Арганізацыйныя пытанні блізкай кампаніі Цэнтрвыбаркам разгледзіць на паседжанні 24 кастрычніка. На мерапрыемстве, у прыватнасці, зацвердзяць каляндарны план мерапрыемстваў па падрыхтоўцы і правядзенні прэзідэнцкіх выбараў, а таксама будуць растлумачаныя парадак утварэння камісій, вылучэння кандыдатаў, напрамкі і дзейнасці нацыянальных і міжнародных назіральнікаў.
Нагадаем, 14 жніўня аб’яднанне былых сілавікоў BELPOL са спасылкай на свае крыніцы паведаміла, што сёмыя прэзідэнцкія выбары ў Беларусі запланаваныя на 23 лютага. Карпенка ж казаў, што разглядаюцца чатыры магчымыя даты, але «для таго каб іх агучваць, трэба правесці кансультацыі».
Раней дэмакратычныя сілы Беларусі неаднаразова заяўлялі, што будуць дабівацца непрызнання гэтых выбараў міжнароднай супольнасцю.
Папярэднія выбары 9 жніўня 2020 года адзначыліся самымі масавымі пратэстамі за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. Палітычны крызіс, які ўзнік пасля іх, і шырокамаштабныя рэпрэсіі доўжацца дагэтуль.
Чытайце таксама