«Сказалі звольніць тых, хто пасля нядаўняй „аблавы“ аказаўся на „сутках“». Працяг гісторыі з затрыманнямі ў Акадэміі навук
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


Паводле інфармацыі крыніцы «Люстэрка», навукоўца Сяргея Гараніна звольнілі з Акадэміі навук. Да гэтага ён правёў дзесяць сутак на Акрэсціна.

Сергей Гаранин. Фото: Facebook Сергея Гаранина
Сяргей Гаранін. Фота: Facebook навукоўца

— Яшчэ перад доўгімі лістападаўскімі выходнымі ў прэзідыум Акадэміі навук выклікалі дырэктараў інстытутаў і сказалі звольніць тых, хто пасля нядаўняй «аблавы» аказаўся на «сутках», — расказаў наш суразмоўца.

Нагадаем, Сяргей Гаранін быў намеснікам дырэктара па навуковай працы Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа ДНУ «Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры» НАН Беларусі. Як паведамлялася раней, яго затрымалі падчас «аблавы» ў Акадэміі навук. Дзесяць сутак ён правёў на Акрэсціна па арт. 19.1 КаАП («Дробнае хуліганства»).

Варта адзначыць, што Сяргей Гаранін не адзіны, каго затрымалі падчас «аблавы» ў Акадэміі. Паводле інфармацыі дзвюх крыніц з навуковага асяроддзя, сілавікі тады «дапытвалі» больш за 40 чалавек.

— Наколькі мне вядома, размаўлялі з тымі, хто быў у чаце навукоўцаў супраць гвалту. Прымушалі паказваць тэлефоны, перапіскі, падпіскі, фатаграфіі, — расказаў адзін з нашых суразмоўцаў.

Паводле яго звестак, забралі некалькі чалавек (хутчэй за ўсё, пяць), «у каго нешта не спадабалася ў тэлефоне». Паводле інфармацыі, якую ўдалося здабыць «Люстэрку», на «сутках» паводле арт. 19.1 КаАП тады аказаліся яшчэ мінімум двое навукоўцаў.

Адзін з іх — кандыдат фізіка-матэматычных навук з Інстытута хіміі новых матэрыялаў НАН Беларусі, другі — малодшы навуковы супрацоўнік Аб’яднанага інстытута праблем інфарматыкі НАН.

Акрамя таго, доктар біялагічных навук Марына Шаптурэнка ў сябе ў Facebook напісала пра затрыманне прафесара, члена-карэспандэнта НАН Алега Давыдзенкі.

Олег Давыденко. Фото с сайта csl.bas-net.by
Алег Давыдзенка. Фота: csl. bas-net.by

У сілавікоў апынулася і яго жонка. Знаёмая тады паведаміла, што яны «знайшлі нейкае фота, дзе яны з плакатам». Пазней інфармацыя пра затрыманне мужа і жонкі з’явілася ў тэлеграм-канале, звязаным з сілавікамі. Тамсама — і здымак, дзе прафесар з жонкай на адным з маршаў.

Алегу Георгіевічу 71 год, уся яго навуковая і працоўная дзейнасць звязаная з Інстытутам генетыкі і цыталогіі НАН. Ён аўтар каля 300 навуковых працаў, у тым ліку 5 манаграфій, 1 падручніка, таксама навуковец вывеў 19 гатункаў раслін. Двойчы ўзнагароджаны прэміяй НАН.