«Калі прачытаў „Я выходжу“, у мяне ўсё ўнутры абарвалася». Інтэрв'ю са стваральнікам Mr. Freeman
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


Павел Мунцян — стваральнік і сцэнарыст легендарнага анімацыйнага серыяла Mr. Freeman, дзе галоўны герой крытыкуе сучасны лад жыцця. За 13 гадоў існавання выйшла 23 эпізоды шоу, 10 відэапытанняў Mr. Freeman да сваіх гледачоў і некалькі кліпаў, напрыклад з Noize MC, Манетачкай і Віцем Ісаевым. На YouTube-канале Mr.Freeman цяпер больш за 1,73 мільёна падпісчыкаў. Пасля анексіі Крыма Павел пераехаў на Кіпр, дзе жыве дагэтуль. Мы пагаварылі з ім пра новыя серыі, фанацтва Дзмітрыя Мядзведзева, вайну, дапамогу BYSOL, ролік «Я выходжу», Азаронка і нейрасетку, якая будзе кіраваць краінай.

Стваральнік і сцэнарыст Mr. Freeman Павел Мунцян, 2018 год. Фота: Вадзім Ярмак

Дзмітрый Мядзведзеў — фанат Mr. Freeman, Noize MC і Руская праваслаўная царква

— Ці можна сказаць, што Mr. Freeman — гэта вы?

— Усе сцэнары Mr. Freeman праходзяць праз чатырох чалавек. Калі хаця б адзін кажа «не», то мы яго не пускаем у вытворчасць. У нас ужо 27 тэкстаў, якія не выйшлі ў эфір, у мяне ёсць папачка, куды я іх складваю. Гэтыя чатыры чалавекі — сцэнарыст Анатоль Дабражан, голас Mr. Freeman Вадзім Дэмчог (актор, зорка серыяла «Інтэрны». — Заўв. рэд.), рэжысёр Уладзімір Панамароў і я — ідэолаг, сцэнарыст і плюс я яшчэ займаюся супрацоўніцтвам з іншым артыстамі. Напрыклад, у мяне ёсць знаёмы, Ваня Noize, я схадзіў на яго канцэрт, мы перагаварылі і ў выніку вырашылі зрабіць калаб не толькі з Noize MC, але і з Манетачкай і Віцем Ісаевым.

— Вы пра кліп на песню «Никто не пострадал». Пра што ён?

— Гэты кліп мы рабілі амаль шэсць месяцаў. Ваня даслаў трэк, а я ўжо чуў, як прапаганда кажа, што ніхто з мірных жыхароў не пацярпеў на вайне, гэта фэйк. Нават калі ў сябе ў тэлеграм-канале я зрабіў пост пра Бучу, некаторыя потым пісалі: «Але ты ж разумееш, што гэта ўсё цяпер спецыяльна разгойдваецца, гэта фэйк». Як так?

Увесь ідэалагічны шэраг кліпа быў зроблены Валодзем Панамаровым, ён прыдумаў інтэграваць унутр казку Андэрсана пра алавянага салдаціка і ўбудаваць у відэа вобразы, якія блізкія Noize MC, напрыклад самотнага дзіцяці ў свеце цацак.

Гэта была складаная рэжысура, гісторыя шматкроць перараблялася і перабудоўвалася. Мы стваралі кліп кавалкамі, ён быў разбіты на чатыры часткі. Адразу мы зрабілі пачатак і канец, а потым трэба было ўсё гэта звязаць. Менавіта на гэта ішоў час, анімацыя і спецэфекты рабіліся хутчэй. Я моцна залучаны ў працу з нейроннымі сеткамі, увесь кліп, акрамя анімацыі самога Mr. Freeman, зроблены нейрасеткай.

Пасля гэтага Ваня прапанаваў зрабіць канцэрт Voices of Peace (гэта гурт Манетачкі, Віці Ісаева і Noize МС. — Заўв. рэд.) і паказаць трансляцыю на канале Mr.Freeman. Гэта было ў гадавіну пачатку вайны. За кошт аб’яднанай аўдыторый нам удалося зрабіць самыя вялікія зборы данатаў для іх фонду, які падтрымлівае Украіну — каля 80 тысяч еўра.

Mr.Freeman в серии “Мантра: Чёрный Бог и Белый Бог”. Скриншот из видео
Mr. Freeman у серыі «Мантра: Чорны Бог і Белы Бог». Скрыншот відэа

— Апошняя серыя Mr. Freeman выйшла ў 2019 годзе, што цяпер з праектам?

— Ох, колькі гадоў прайшло… Зараз раскажу. Ёсць некалькі напрамкаў. Мы зрабілі класную агучку на англійскай мове, гэта было даўно, яшчэ ў 2015 годзе, а ў 2016-м запусцілі YouTube-канал. І да 2022 года там было 5000 падпісчыкаў, і раптам 10 верасня 2022 года да англійскамоўнай аўдыторыі дайшло. Цяпер там больш за 300 тысяч. І ў нас ужо два ролікі набралі па 1 млн праглядаў.

На гэтым фоне пачалі прыходзіць фанаты з розных краін, якія прапанавалі дапамогу ў стварэнні перакладу на сваю мову — албанская, італьянская, партугальская, іспанская, польская. Гэта будуць асобныя каналы.

На рускай мове ў нас ёсць некалькі ідэй, я думаю, што сёлета выйдзе два эпізоды. Больш мы не пацягнем. Ёсць ідэі, якія мы хочам прагаварыць і данесці да чалавецтва.

— Вайна?

— Не, не вайна, яна цяпер другасная. Мне важна гэта прагаварыць: Пуцін прайграў вайну, гэта было зразумела яшчэ ўвосень мінулага года, калі стаў масава даступны ChatGPT (чат-бот са штучным інтэлектам. — Заўв. рэд.). Надышоў час, калі не важная тэрыторыя, а важныя мазгі. Пуцін змудрыўся ўвязацца ў старую мадэль і страціць велізарную колькасць найкаштоўнейшага рэсурсу краіны — людзей. Улады не вернуць у Расію ні грошы, ні людзей, ні мазгі, ні напрацоўкі. І гэтыя страты несупастаўныя наогул ні з чым астатнім. Улічваючы, што цяпер адбываецца з нейроннымі сеткамі, я вельмі даўно ў тэме, нас чакае поўная змена ўсяго. І як сказаў Аляксей Венедыктаў у Дудзя, «на наш век з Уладзімірам Уладзіміравічам нафты хопіць». І калі Юра спытаў: «А на мой?» — яму адказалі: «Гэта будуць вашыя праблемы». На старапярдунскі век, можа, і хопіць, прашу прабачэння.

Усё вельмі хутка адбываецца, нейронныя сеткі за апошні год прайшлі большы шлях, чым за 70 гадоў. Зараз пачне знікаць велізарная колькасць прафесій. І барацьба за тэрыторыю, якая з’яўляецца рэсурсам мінулага, — поўная бздура. Расія не глядзіць у далёкую перспектыву, гэта звязана з пазіцыяй кіраўніцтва краіны, усе яны дачаснікі. Сёння цябе прызначылі губернатарам, усё, што паспееш скрасці — гэта тваё. Потым цябе пасадзяць, але ты выйдзеш і будзеш забяспечаны. Будучыня страчаная. Мы знаходзімся на вельмі цікавай стадыі тэхналогіі, калі, магчыма, кіраванне краінай нейрасеткай будзе эфектыўнейшае, чым чалавекам.

— Дык пра што будзе наступная серыя?

— Мы будзем гаварыць пра каштоўнасці сучаснага свету, мы хочам сказаць, што важныя людзі, мазгі, распрацоўкі, а не тэрыторыя. Я ўвесь час думаў: вось ёсць велізарная тэрыторыя, але куды ні плюнь — усюды ж**а. Я не пра Маскву цяпер, а пра рэгіёны. Там бяда. Навошта табе іншая тэрыторыя, калі ты са сваёй не спраўляешся? Людзі жывуць у галечы. Калі б краіна такога маштабу дала ільготы, магчымасці, максімальна зялёнае святло бізнесу, прыцягвала мазгі, то ўсё магло б быць інакш, але ў Пуціна няма ў галаве такой мадэлі.

Калі ён прыйшоў да ўлады, я працаваў ва ўрадзе Масквы. Мой непасрэдны начальнік служыў разам з Пуціным. І калі яго прызначылі в. а. прэзідэнта, то начальнік кажа: «Гэта катастрофа». Я ў яго пытаю: «Чаго гэта? Малады, талковы, актыўны». Ён кажа: «Ты не ведаеш, гэта будзе ўся Расія ў ботах». Гэта было 23 гады таму.

І ўвесь пасыл Mr. Freeman будзе ў тым, куды рухаецца эфектыўнае чалавецтва і што з’яўляецца каштоўнасцю будучыні.

— Голас Mr. Freeman Вадзім Дэмчог знаходзіцца ў Расіі. Ён не баіцца?

— Баіцца. Ён нікуды не з’ехаў. У Вадзіма там вучні, тэатр, гледачы. Яму складана. Ён ходзіць па мяжы. Тое, пра што мы хочам гаварыць у найбліжэйшых эпізодах — пра праблемы грамадства, а не пра стаўленне да вайны. І так ужо ўсе падзяліліся на тры лагеры: тыя, хто падтрымлівае, хто не падтрымлівае і «ўсё не так адназначна». Гаварць цяпер пра агульначалавечыя пытанні, асабліва не ў разрэзе палітыкі, а ў разрэзе таго, на якім гістарычным этапе мы аказаліся, вельмі важна.

Актер Вадим Демчог, Фото: кадр из сериала “Интернеты”
Актор Вадзім Дэмчог. Кадр з серыяла «Інтэрны»

— Самае доўгае відэа Mr. Freeman ідзе больш за дзесяць з паловай гадзін і называецца «Паўтараю для тупых». Яно заснаванае на аб’яднанні цытатаў Оруэла і Гебельса: «Чым жахлівейшая хлусня, тым ахвотней у яе вераць… Вайна — гэта мір. Свабода — гэта рабства. Няведанне — гэта сіла». Наколькі гэта цяпер актуальна?

— Мне здаецца, што за год да вайны гэта было неверагоднае траплянне. А цяпер? Складана сказаць, усё перамяшалася. У мяне ёсць тэлефонная кніга, у якой 4200 кантактаў. Кантакты людзей, якія настойваюць на тым, што ўсё не так адназначна, ці за вайну, я не выдаляю, я стаўлю эмодзі гобліна побач з іх імем. Я разумею, што вайна скончыцца і ў залежнасці ад яе выніку яны могуць змяніць пазіцыю, а я магу забыць, якая яна была, ды і ўсе пачнуць пераабувацца са страшнай хуткасцю. Хочацца памятаць, хто тыя людзі, з якімі я не хачу мець зносіны. Ёсць яшчэ іншыя, тыя, хто праявіў сябе чалавекам. Ім я стаўлю сэрца.

— Праўда, што Дзмітрый Мядзведзеў — фанат Mr. Freeman?

— Гэта было вельмі даўно, калі ён быў яшчэ прэзідэнтам. У той момант у нас быў непасрэдны выхад на Крэмль, і мы ведалі, што Мядзведзеў глядзеў Mr. Freeman і ў яго на планшэце была падборка.

— Непасрэдны выхад — гэта паходы ў Адміністрацыю прэзідэнта Расіі на размовы?

— Не-не-не. Такога ніколі не было. Кожны раз, калі хтосьці прыходзіў з уладных структур і прапаноўваў хоць нейкае партнёрства, мы адмаўляліся. Апошні такі дыялог быў, калі мне напісалі з Рускай праваслаўнай царквы, я не памятаю, хто канкрэтна. Яны прапанавалі нашай студыі рабіць анімацыйны серыял пра адукацыйнае праваслаўе. Я ім проста адказаў: «Ідзіце на***».

— Што Mr. Freeman цяпер сказаў бы Мядзведзеву?

— Ды няма сэнсу з ім размаўляць цяпер. Навошта? Я да нашай размовы ўзяў невялікі тэкст, яго аўтар — адзін з тых, хто піша Mr. Freeman:

«Радзіма ёсць смяротна хворым на рак дэментарам, які вярнуўся ў савецкае дзяцінства. Сёння ён у той агрэсіўнай стадыі, калі яшчэ можа рыкаць, плявацца, кусацца і драпацца, гарлапаніць абрыўкі сваіх абырвалгаў і, чым чорт не жартуе, заразны. І клептаманіць па-ціхаму, пайку сваю і чужыя ў навалачку хавае. І так — у яго глісты і блохі».

Гэта канструкцыя пра Мядзведзева.

Фашысты, BYSOL, «Я выходжу» і Азаронак

— Вы стварылі крыптафонд, які дапамагае мірным жыхарам і вайскоўцам з Украіны. Пры гэтым на некаторых пасылках вы пакідаеце запіску, дзе сказана: «Mr.Freeman і Ко за мір ва Украіне». Чаму вам важна сказаць гэта?

— Фонд сабраў крыху больш за $ 700 000. Спачатку мы арганізавалі майстэрні па пашыве плітаноскі і бронекамізэлек на тэрыторыі Украіны. Я ніколі не даваў задач па закупцы зброі, толькі сістэмы і сродкі абароны: медыкаменты, каскі, турнікеты для перацягвання крыві, прадукты харчавання і іншае.

Цяпер у гэтым фондзе, напэўна, неабходнасці няма. Цяпер усё на іншым узроўні, там вялікая прафесійная вайна. Але ў пачатку такія фонды, як наш, дапамаглі зрабіць так, каб не здарылася паразы за тры дні. Мне хочацца верыць, што я паўдзельнічаў у тым, каб не адбылося катастрофы.

Што да запіскі, то іх пакідаў мой брат, ён цяпер у Кіеве. У той момант жа была іншая стадыя вайны, было важна паказаць, што медыяфігура Mr. Freeman падтрымлівае людзей.

— Самы кранальны водгук, які вам прыходзіў з Украіны?

— Няма такога. Людзі дзеляцца на тых, хто дзякуе, і тых, хто праклінае. Тыя, хто сутыкнуўся з горам тварам да твару, той, хто быў у Бучы, у каго загінулі блізкія — іх ніякая пазіцыя або фонды не пераканаюць у тым, што бываюць розныя людзі ў або з Расіі, якія ставяцца да гэтай вайны кепска. На фоне свайго болю і разарванага сэрца яны ўсіх расіян успрымаюць фашыстамі. Гэта як мы ў дзяцінстве ў двары бегалі і крычалі: «Ты фашыст». Любы, хто на нямецкай мове гаварыў ці вучыў яе ў школе, быў фашыстам. А гэта было праз 40 гадоў пасля заканчэння вайны. І гэтак жа будзе тут.

В Буче завершили погребение неопознанных тел, жертв оккупации российских войск. Буча, Украина, 2 сентября 2022 года. Фото: Reuters
У Бучы скончылі хаваць неапазнаныя целы ахвяраў акупацыі расійскіх войскаў, 2 верасня 2022 года. Фота: Reuters

— Вы таксама закупалі тэхніку на просьбу BYSOL. Як вы пачалі супрацоўнічаць?

— Так атрымалася, што ў мяне вельмі шмат знаёмых аказалася ў штабе Святланы Ціханоўскай. Мы з імі сябруем, а да працы там яны займаліся дызайнам, анімацыяй, графікай.

Калі пачалася вайна, у BYSOL былі больш маштабныя задачы, чым у тых арганізацый, з якімі мы кантактавалі. Хлопцы і дзяўчаты казалі: «Нам патрэбныя эвакуацыйныя джыпы або машыны хуткай дапамогі». У іх былі канкрэтныя задачы, якія трэба было вырашыць. Яны мне на кожным этапе дастаўкі тэхнікі дасылалі фотасправаздачу: закупілі, пераабсталявалі, прыехалі на мяжу, прайшлі мяжу, прыехалі на фронт. Пасля некалькіх такіх справаздач мы зразумелі, што ўсё працуе, і паставілі ўсё на паток, калі не памыляюся, то закупілі каля 15 машын.

— У лістападзе 2020 года было апублікаванае відэа з Mr. Freeman «Я выходжу». Як яно стваралася і як доўга над ім працавалі?

— Усе людзі, якія бралі ў ім удзел, дагэтуль не хочуць, каб афішаваліся іх імёны. Уся канцэпцыя прыйшла ад нашага знаёмага Ігара, які займаецца спецэфектамі і 3D, ён тады жыў у Беларусі. Быў знойдзены адзін моцны беларускі паэт, які напісаў гэты верш.

Я выхожу из комы!

Я выхожу из дома!

Я соткан из тьмы и боли,

Я из дождя и грома!

Я выхожу из бреда,

Я выхожу из хамства,

Из профсоюзного комитета,

Из чертова панибратства!

Я выжил во время погрома,

Среди этой кровавой сечи!

Я выхожу из дома —

Чтобы расправить плечи!

Я выхожу из развалов,

Я выхожу из подвалов,

Институтов, заводов, вокзалов,

Районов, дворов, кварталов!

Ты слышишь, как я дышу?

Знай же — я выхожу!

Імені паэта не назаву, таму што яму паабяцаў. І Вадзім Дэмчог прачытаў яго так, што, калі я паслухаў, у мяне ўсё ўнутры абарвалася. Гэта было вельмі пранізліва. Валодзя, які рэжысёр, таксама паслухаў і сказаў: «Вельмі крута». Мы зрабілі гэты ролік прыкладна за месяц, і калі яго апублікавалі, я ад беларусаў атрымаў каля 1000 лістоў з падзякамі.

— Чаму вы пагадзіліся яго рабіць?

— Таму што для мяне Беларусь, Украіна і Расія — гэта тры абсалютна розныя краіны, у якіх жывуць розныя людзі, але блізкія і часта размаўляюць на адной мове, але маюць яшчэ і сваю ўласную. Беларусь для мяне — вельмі важнае месца, там куча сяброў. З журналістамі вашымі я камунікаваў, Сярога Міхалок, IT-краіна. Я заўсёды з радасцю да вас прыязджаў, я люблю Беларусь і я вельмі моцна перажываў у 2020 годзе. Цяпер усе мае знаёмыя беларусы з музычнай і IT-сферы звалілі з краіны.

— Азаронак пасля гэтага роліка назваў Mr. Freeman дэманічнай пачварай і антыхрыстам. Ён нас чытае. Што б вы яму адказалі?

— Нічога сабе! Я магу да яго звярнуцца (Павел бярэ невялікую паўзу і думае). Я не хачу з ім гаварыць, ён бы быў у маёй запісной кніжцы з эмодзі гобліна. Адназначна.

Чаму я з’ехаў пасля Крыма? Таму што ў рамках майго ўспрымання свету немагчыма ісці супраць сумлення. Гэта балюча і цяжка. Адзін раз ты пераступіў гэтую грань — і далей пачынаеш прывыкаць да гэтага. Калі чалавек робіць такі крок праз сумленне, то далей ён ужо не чалавек.

— Мне здаецца, што Азаронак сапраўды верыць у тое, што кажа.

— Добра. Але ён сказаў, што Mr. Freeman — дэманічная пачвара і амерыканскі персанаж. Ён шчыра верыць у тое, што не праверыў, у тое, чаго не ведае? Гэта сведчыць выключна пра тое, што ён верыць у тое, што яму зручна.

Mr.Freeman в серии “Я выхожу”. Скриншот из видео
Mr. Freeman у серыі «Я выходжу». Скрыншот відэа

— На трэці дзень вайны вы напісалі: «На маю суб’ектыўную думку, пачатак гэтай вайны ляжыць у пратэсных акцыях Беларусі». Можаце растлумачыць?

— Пасля таго як пратэсныя акцыі не праканалі, стала зразумела, што ў Расіі таксама гэта не пройдзе. Беларусь заўсёды была плацдармам для тэставання розных сацыяльных мадэляў і эксперыментаў Расіі. Можа быць, гэта, вядома, гістарычная выпадковасць або супадзенне, але так заўсёды было. У рамках эксперыменту можна паглядзець, што будзе, а калі нешта нейкае, то выраўнаваць сітуацыю вялікай арміяй суседа.

У тым, што адбываецца цяпер у свеце, шмат у чым вінаваты я, мы, Лёша Навальны, які сядзіць у турме, усе людзі, якія былі са мной на Балотнай плошчы (гаворка пра акцыі пратэсту ў Расіі, якія праходзілі ў 2011−2013 гадах. — Заўв. рэд.). Тады ўладзе стала страшна ад народа. Выйшлі і што? Нічога. Улада спалохалася, бо нас было шмат, а наступным разам магло быць яшчэ больш. Уладзе трэба было зрабіць так, каб сістэмна людзі больш не маглі збірацца. І ўсе пякельныя закручванні гаек адбыліся пасля Балотнай плошчы. Калі б тады ўсе, хто быў, прайшлі яшчэ кіламетр да Крамля, усё б змянілася.

Усе пратэсныя рухі мірнага плану працуюць толькі ў дэмакратычным грамадстве. У тых сацыяльна-прававых канструкцыях, у якіх знаходзяцца Беларусь і Расія, мірны пратэст не працуе.

— Вы б тады на Балотнай змаглі ўзяць на сябе адказнасць за жыцці людзей, магчыма, за загінулых?

— (Павел доўга думае) Калі б я аказаўся ў сітуацыі, у якой мог бы весці за сабой людзей, то гэта, хутчэй, было б эмацыйнае рашэнне. Цяпер упэўнена сказаць, так ці не, я не магу. Калі спрабаваць узважваць, я б не стаў гэтага рабіць. Мне блізкія заходнія каштоўнасці: права на свабоду дзеяння, права на свабоду выказванняў і самае галоўнае — маё жыццё не мусіць палягаць на неабходнасці абараняцца ад дзяржавы. Літаральна два гады таму я злавіў сябе на думцы, што, калі я бачу паліцэйскага тут, на Кіпры, я адчуваю сябе ў бяспецы. А калі толькі сюды прыехаў, пры сустрэчы з паліцэйскім у мяне быў стан «я не ведаю, чаго чакаць».

— Апошняе пытанне. Калі і як скончыцца вайна?

— Думаю, што ў гэтым і наступным годзе вайна будзе ісці. Усё скончыцца не смерцю Пуціна, а ад немагчымасці далей весці баявыя дзеянні. Пуцін ужо прайграў гэтую вайну.