Падпалкоўніка запасу Аляксандра Кулініча затрымалі 29 лютага ў Брэсце. Яго абвінавацілі ў абразе Лукашэнкі. З таго часу ён знаходзіўся ў СІЗА і чакаў суда, які меў адбыцца 16 красавіка. Аднак за тыдзень да яго, 9 красавіка, мужчына памёр. Пра гэта «Люстэрку» расказалі дзве не звязаныя паміж сабой крыніцы.

Як расказалі нашыя крыніцы, Аляксандр Кулініч памёр ад ішэмічнай хваробы сэрца. Прынамсі, гэтая прычына пазначаная ў заключэнні пра смерць. У СІЗА № 7 Брэста нам сказалі, што зняволены з такім імем у іх быў, але факт смерці пацвярджаць адмовіліся.
Абставіны затрымання Аляксандра Кулініча невядомыя. На сайце Вярхоўнага суда гаворыцца, што 16 красавіка яго мусілі пачаць судзіць па ч. 1 арт. 368 КК («Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь»).

Паводле інфармацыі «Люстэрка», Аляксандр Кулініч нарадзіўся ў Маладзечне 11 красавіка 1972 года (яму споўнілася б 52). Ён быў падпалкоўнікам запасу, служыў у 38-й асобнай гвардзейскай дэсантна-штурмавой Брэсцкай брыгадзе ПДВ. Апошнім часам працаваў індывідуальным прадпрымальнікам, займаўся харчовымі дадаткамі.
Выявілася, што 30 гадоў таму Аляксандр служыў з цяперашнім прадстаўніком АПК па абароне і нацбяспецы Валерыем Сахашчыкам. Як расказаў экс-вайсковец «Люстэрку», яны даўно не кантактавалі і пра лёс калегі ён нічога не ведаў.
Паводле нашых крыніц, цела Аляксандра Кулініча ўжо выдалі сваякам. Яго пахаваюць у дзень яго нараджэння, 11 красавіка, у родным Маладзечне.
Чытайце таксама