Вялікі сакрэт Васілеўскай. Улады старанна хаваюць, у якім універсітэце вучылася першая беларуская касманаўтка, але мы гэта высветлілі
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


Пасля вяртання з МКС касманаўтка Марына Васілеўская ўжо паспела атрымаць званне Героя Беларусі, стаць кавалерам расійскага ордэна Гагарына, яе збіраюцца адліць «у бронзе і граніце» для скульптуры, якую паставяць у Мінску. Жанчына раздала мноства інтэрв'ю, аднак адзін факт яе біяграфіі ўлады і прапагандысты ўпарта хаваюць: дзе менавіта атрымлівала вышэйшую адукацыю новаспечаная касманаўтка і на каго наогул яна вучылася? «Люстэрка» знайшло адказ на гэтае пытанне — і цяпер стала зразумела, чаму гэты момант так старанна замоўчваецца. Расказваем падрабязнасці.

Марина Василевская на тренировке. Фото: gctc.ru
Марына Васілеўская на трэніроўцы. Фота: gctc.ru

Дзяржаўныя СМІ бокам абыходзяць тэму вышэйшай адукацыі Марыны Васілеўскай: яны не гавораць, у якой ВНУ вучылася касманаўтка, не расказваюць пра яе спецыяльнасці. Прамаўчала пра гэта ў інтэрв'ю «СБ. Беларусь сегодня» і маці беларускі.

На прабелы ў біяграфіі Васілеўскай звярнула ўвагу «Наша Ніва». Выданне назвала «белай плямай» 9 гадоў жыцця беларускі: пасля заканчэння школы і да пачатку працы ў «Белавіі».

Аднак «Люстэрка» здолела высветліць, дзе вучылася Васілеўская, — і гэты ўніверсітэт даўно не падабаўся беларускім уладам.

Зачэпка ў інтэрв'ю з космасу

Для пачатку мы пад выглядам звычайнага грамадзяніна патэлефанавалі ў школу № 151 Мінска, дзе вучылася Марына. Але там не змаглі сказаць, у якую ВНУ паступіла іх самая вядомая выпускніца. Не расказалі гэтага і ў авіякампаніі «Белавія», дзе Васілеўская працавала бортправадніцай.

— Мы не выдаём звестак нашых дзейных супрацоўнікаў, а тым больш былых, — сказала прадстаўніца аддзела кадраў нацыянальнай авіякампаніі.

Мы прагледзелі мноства інтэрв'ю Васілеўскай. Зачэпка знайшлася на YouTube-канале БДУ. 29 сакавіка, знаходзячыся на борце МКС, беларуска размаўляла са студэнтамі галоўнай ВНУ краіны.

— Як вашая адукацыя дапамагае вам у вашай прафесіі? — спытала Васілеўскую адна са студэнтак.

— У мяне адукацыя вышэйшая, я менеджар-эканаміст, — адказала касманаўтка, не ўдакладніўшы, якую менавіта ВНУ скончыла.

Фото Марины Василевской в школьном выпускном альбоме. Скриншот видео ОНТ
Фота Марыны Васілеўскай у школьным выпускным альбоме. Скрыншот відэа АНТ

Каб гэта высветліць, журналіст «Люстэрка» як звычайны грамадзянін патэлефанаваў у Міністэрства адукацыі. Супрацоўніца ўпраўлення вышэйшай адукацыі ўпэўнена сказала, што Марына Васілеўская дакладна вучылася ў адным з беларускіх універсітэтаў.

— Гэта была нейкая прыватная ВНУ, але я не памятаю, якая дакладна, — адзначыла яна.

На сайце Міністэрства адукацыі ў спісе прыватных ВНУ Беларусі пералічваецца ўсяго восем установаў. У сямі з гэтых ВНУ ўпэўнена адказалі, што Васілеўскай ніколі не было сярод студэнтаў.

А вось восьмы прыватны ўніверсітэт са спісу Мінадукацыі аказаўся ў стадыі ліквідацыі. Гэта Мінскі інавацыйны ўніверсітэт, пра закрыццё якога «Люстэрка» пісала яшчэ ў 2022 годзе. Сайт гэтай ВНУ ўжо не працуе.

Стары дакумент

Тым не менш мы змаглі знайсці загад пра залічэнні студэнтаў завочнай формы навучання за 2012-ы, падпісаны рэктарам МІУ Мікалаем Сушам 6 жніўня таго ж года.

Пад нумарам 18 на спецыяльнасці «менеджмент (інфармацыйны)» факультэта эканомікі там стаіць Васілеўская Марына Вітальеўна. Міністэрства адукацыі сцвярджае, што пасля заканчэння такой спецыяльнасці выпускнікі атрымлівалі кваліфікацыю «менеджар-эканаміст». Такую ж, як назвала Васілеўская, адказваючы на пытанне студэнткі БДУ.

Мы не ведаем, ці скончыла касманаўтка ўніверсітэт, — нам не ўдалося знайсці дакументы на гэты конт. Таксама адзначым, што Васілеўская скончыла школу ў 2008 годзе. Невядома, ці атрымлівала яна адукацыю дзесьці яшчэ да 2012-га.

Чаму ўлады хаваюць, дзе вучылася Васілеўская?

Дакладна мы не ведаем. Аднак можам выказаць здагадку, што вобраз студэнткі — завочніцы МІУ не вяжацца з уяўленнямі ўладаў пра чалавека, вартага звання Героя Беларусі. І таму, што ўлады парушылі свае ж правілы.

Мінскі інавацыйны ўніверсітэт быў адной з першых прыватных ВНУ нашай краіны. Ён пачаў працаваць у 1991 годзе. Яшчэ да падзей 2020 года гэтая навучальная ўстанова атрымала славу пратэснай — у 2019 годзе там прайшоў страйк студэнтаў, якія выступалі супраць непадаўжэння акрэдытацыі іх ВНУ.

Аднак у сакавіку 2020-га МІУ ўсё ж здолеў атрымаць неабходныя дакументы, але пры гэтым ВНУ давялося закрыць некаторыя спецыяльнасці. У красавіку 2022 года студэнты МІУ атрымалі паведамленне пра неабходнасць пераводу ў іншыя адукацыйныя ўстановы «ў сувязі з планаваным у 2024 годзе спыненнем адукацыйнай дзейнасці».

Пры гэтым пытанне пра тое, чаму Марыну Васілеўскую выбралі ў атрад касманаўтаў, застаецца адкрытым. У чэрвені 2023 года намеснік начальніка Упраўлення аэракасмічнай дзейнасці НАН Беларусі Іван Буча паведамляў пра патрабаванні да беларускіх касманаўтаў: «Вышэйшая адукацыя па напрамках „фізіка“, „матэматыка“, „біялогія“, „ракетна-касмічная тэхніка“». Спецыяльнасць «інфармацыйны менеджмент», відавочна, у гэты спіс не ўваходзіць.

Чытайце таксама