У Беларусі вырашылі перагледзець Крымінальны кодэкс. Законапраект ужо гатовы
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


На паседжанні міжведамаснай рабочай групы пад кіраўніцтвам намесніцы кіраўніка Адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі Вольгі Чупрыс 30 траўня абмяркоўвалася карэктаванне крымінальнага заканадаўства. Пра гэта паведамляе Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал.

Фото из архива Zerkalo.io
Выява мае ілюстрацыйны характар. Фота: TUT.BY

Чупрыс адзначыла, што ў групу паступіла каля 350 розных прапановаў ад дзяржаўных органаў і арганізацый, судзейскага корпуса, парламентарыяў і навукоўцаў-правазнаўцаў, якія спецыялізуюцца ў галіне крымінальнага права. Іх агульны аб’ём склаў каля 250 старонак. Усе яны былі старанна прааналізаваныя.

«З мэтай выпрацоўкі найбольш аптымальных прававых мадэляў вывучаўся замежны досвед, публікацыі ў сродках масавай інфармацыі і навуковыя напрацоўкі. У асобных выпадках мы звярталіся да досведу Крымінальнага кодэкса БССР 1960 года», — падкрэсліла яна.

З улікам прапановаў падрыхтаваны адпаведны законапраект. Паводле Чупрыс, звыш 90 складаў злачынстваў плануецца дапоўніць мякчэйшымі пакараннямі, не звязанымі з пазбаўленнем волі. З іх 36 цяпер маюць безальтэрнатыўныя санкцыі.

«Гэтыя меры дазволяць судам больш гнутка падыходзіць да прызначэння пакарання, значна радзей звяртаючыся да выкарыстання выключных механізмаў», — працягнула кіраўніца міжведамаснай рабочай групы.

Яна таксама падкрэсліла, што перагляд палажэнняў Крымінальнага кодэкса ажыццяўляўся ў цеснай звязцы з нормамі Крымінальна-працэсуальнага і Крымінальна-выканаўчага кодэксаў. Плануецца ўнесці змены і ў кодэксы пра адміністрацыйную адказнасць.

Нагадаем, Аляксандр Лукашэнка 11 студзеня гэтага года паведаміў, што на яго ўказанне Адміністрацыя прааналізавала шэраг артыкулаў Крымінальнага кодэкса і іх прымяненне: «Узнікаюць пытанні ў сувязі з гэтым, паглядзець на працэс, каго мы затрымліваем? Каго асуджаем? Ці адпавядаюць прызначаныя меры пакарання цяжкасці злачынстваў і той небяспецы, якую ўяўляюць гэтыя людзі для грамадства?»

Ён заявіў, што неабходна «пералапачваць Крымінальны, можа, нават і іншыя кодэксы».