Прадстаўнікі Генпракуратуры летам 2023 года праверылі, як ахоўваюць жывёл у паляўнічых угоддзях. Па выніках праверкі ў Савет міністраў быў адпраўлены дакумент, у якім крытыкуецца праца Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў (БТПР) — ім кіруе экс-міністр МУС Ігар Шуневіч. Пракуроры адзначылі, што арганізацыя не толькі недастаткова займалася аховай паляўнічых жывёл, але і яе кіраўніцтва неаднаразова парушала ўстаноўленыя законам правілы. «Люстэрка» атрымала гэты дакумент дзякуючы дапамозе BELPOL.

Амаль уся тэрыторыя Беларусі па-за гарадамі падзеленая на паляўнічыя гаспадаркі. Яны займаюць 16 мільёнаў гектараў (уся плошча краіны — каля 20,7 мільёна га). На момант складання дакумента паляўнічых гаспадарак было 238. З усёй плошчы паляўнічых угоддзяў 68% арандавалі ўстановы БТПР. Яшчэ 19% адносіліся да дзяржаўных лясгасаў, астатнія 13% — да розных юрыдычных асобаў.
Паводле беларускіх законаў, арганізацыі-арандатары разам з мясцовымі ўладамі павінныя сачыць за выкананнем законаў пра ахову і выкарыстанне жывёльнага свету. Ім трэба ахоўваць паляўнічых жывёл (да іх адносяцца ласі, кабаны, бабры, казулі і многія іншыя) — напрыклад, высочваць браканьераў.
У арандатараў ёсць права спыняць і даглядаць аўтамабілі на тэрыторыі сваіх гаспадарак, правяраць дазволы на паляванне. Калі заўважанае парушэнне закона — ім дазволена выкарыстоўваць фізічную сілу, спецсродкі (накшталт кайданкоў), а ў некаторых сітуацыях — нават службовую зброю.
Праверка пракуратуры паказала, што ў БТПР і лясгасах недастаткова займаюцца аховай жывёл, да выканання сваіх абавязкаў падыходзяць нядбала ці зусім бяздзейнічаюць.
«Дадзенае паляўнічым карыстальнікам п. 30 правілаў права спынення і надгляду транспартных сродкаў, а таксама рэчаў установамі РДГА „БТПР“ і ДЛГУ не выкарыстоўваецца, адпаведныя пратаколы надгляду не складаюцца, журналы іх рэгістрацыі адсутнічаюць», — пішуць аўтары дакумента.
Арганізацыі-арандатары могуць ладзіць рэйды супраць браканьераў — але, на думку пракуратуры, робяць гэта не надта актыўна.
«Палявыя мерапрыемствы па выяўленні і спыненні парушэнняў, якія праводзяцца паляўнічымі, неэфектыўныя. Грашовыя сродкі на ахову паляўнічых жывёл часта не выдзяляюцца».
Пракуроры прыводзяць статыстыку за перыяд з 2021 да 2022 года. БТПР і лясгасы правялі больш за 10 тысяч палявых мерапрыемстваў. Вынікам рэйдаў лясгасаў стаў 41 адміністрацыйны працэс, у БТПР «такая практыка адсутнічае». Дзяржаўная інспекцыя аховы жывёльнага і расліннага свету выявіла больш за 800 парушэнняў на тэрыторыі паляўнічых угоддзяў, у тым ліку 474 факты незаконнага палявання і транспартавання паляўнічых жывёл. 127 з іх кваліфікавалі як злачынствы.
«Названыя звесткі сведчаць пра фактычнае выкананне абавязкаў па ахове арандаваных паляўнічых угоддзяў Дзяржінспекцыяй, штат якой у 4 разы меншы за колькасць паляўнічых карыстальнікаў», — заключаюць прадстаўнікі пракуратуры.
Таксама аўтары дакумента адзначаюць, што супрацоўнікі БТПР часта самі становяцца парушальнікамі правілаў вядзення паляўнічай гаспадаркі і палявання. Так, у 2022 годзе прадстаўнікі Дзяржінспекцыі зафіксавалі 113 парушэнняў, якія дапусцілі супрацоўнікі БТПР. У пяці выпадках гэта стала падставай для завядзення крымінальных справаў.

Чатыры супрацоўнікі на 108 тысяч га
Пракуроры адзначылі і іншыя праблемы. Напрыклад, супярэчнасць у законах. Адзін артыкул ПВКаАП — 3.30 — дазваляе супрацоўнікам арганізацыі складаць пратаколы на парушальнікаў. Аднак з іншага артыкула — 3.29 — вынікае, што тыя не могуць гэтага рабіць. Надзяліць іх гэтым правам мог бы Савет Міністраў — аднак на момант складання дакумента такога рашэння не прынялі. Інфармацыі, што гэты недахоп ужо ліквідаваны, мы таксама не знайшлі.
Прэтэнзіі пракуратуры таксама датычылі скасаванай у 2018 годзе нормы мінімальнай колькасці работнікаў для аховы жывёл у залежнасці ад плошчы паляўнічых угоддзяў. Гэта прывяло да скарачэння штата і змяншэння фінансавання. У выніку, да прыкладу, ва ўгоддзях Вілейскай раённай арганізацыі БТПР на тэрыторыі 108 тысяч га выявілі чатыры выпадкі незаконнага палявання, але ахову забяспечвалі ўсяго чатыры супрацоўнікі, што недастаткова для эфектыўнай працы.
Таксама пракуратура адзначыла парушэнне правілаў правядзення біятэхнічных мерапрыемстваў — адсутнасць кармавых палёў, пляцовак падкормлівання і спецыяльнага абсталявання для жывёл. Мясцовыя ўлады таксама кепска спраўляюцца з аховай жывёл у паляўнічых зонах, а ў некаторых раёнах такая праца наогул не праводзіцца. Напрыклад, у Віцебскай і Гродзенскай абласцях ахова жывёл у забароненых зонах практычна не ажыццяўляецца і фінансаванне на гэтыя мэты не вылучаецца.
Мінлясгасу, БТПР і абласным выканкамам пракуратура даручыла ліквідаваць парушэнні і прыняць меры для павышэння эфектыўнасці аховы жывёл.
Нагадаем, Ігар Шуневіч кіруе БТПР з 2021 года. Да гэтага — з 2012 да 2019-га — ён быў міністрам унутраных справаў Беларусі. На пасадзе кіраўніка БТПР Шуневіч прапаноўваў дазволіць паляванне на чырванакніжнага бурага мядзведзя там, «дзе яго вельмі шмат, звыш меры шмат, дзе ён перашкаджае жыць», выключыць з Чырвонай кнігі зуброў і перавесці іх у статус паляўнічых жывёл. Таксама ён прапаноўваў уключыць у спіс паляўнічых відаў рысь, шэрых жураўлёў, лебедзяў-шыпуноў і белых буслоў. Чырвоную кнігу Шуневіч называў рудыментам і «свайго роду» абцяжарваннем" дзяржаўных прыродаахоўных інструментаў", што «перашкаджае хуткаму прыняццю рашэнняў у дачыненні да тых ці іншых відаў жывёл».
Яшчэ з заяваў Шуневіча на пасадзе кіраўніка БТПР — паляўнічыя будуць запісвацца ў народнае апалчэнне са сваёй зброяй. Пазней ён паведаміў, што разглядаецца магчымасць выкарыстання ведаў і навыкаў сябраў БТПР у інтарэсах тэрытарыяльнай абароны. А таксама заявіў, што паляўнічыя з аб’яднання, якім ён кіруе, пры жаданні могуць стаць снайперамі — Міністэрства абароны арганізавала працэс іх перападрыхтоўкі.