«Два варыянты — супрацоўнічаць ці як Пратасевіч». Былая палітзняволеная распавяла пра «гутарку» ў КДБ пасля вызвалення
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


Алана Гебрэмарыям, былая палітзняволена і фігурантка «справы студэнтаў», распавяла пра ціск сілавых ведамстваў пасля вызвалення і вымушаны ад’езд з Беларусі. Паводле яе слоў, ёй прапаноўвалі пайсці на супрацоўніцтва з КДБ ці зняцца ў прапагандысцкім фільме. Яе гісторыя цалкам распавядаецца ў фільме «Радыё Свабода» «Скрадзеная маладосць», кароткі пераказ аднаго з фрагментаў апублікаваў сайт выдання.

Алана Гебрэмарыям, снежань 2023 году, Варшава, Польшча. Фота: instagram.com/klacayu_po_fotiku
Алана Гебремариам, декабрь 2023 года, Варшава, Польша. Фото: instagram.com/klacayu_po_fotiku

Алане Гебрэмарыям 27 гадоў. Яна скончыла Беларускі дзяржаўны мэдычны ўнівэрсытэт. Увосень 2019 году на парламэнцкіх выбарах яна была кандыдаткай у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.

12 лістапада 2020-га яе затрымалі па «справе студэнтаў». На той момант Алана была прадстаўніцай Святланы Ціханоўскай па справах моладзі, сябрам асноўнага складу Каардынацыйнай рады, актывісткай «Моладзевага блоку». Дзяўчыне прысудзілі два з паловай гады турмы. Тэрмін яна адбыла цалкам і выйшла на свабоду 30 лістапада 2022 года.

Пасля вызвалення ёй паставілі забарону на выезд. Дзяўчына жыла ў Менску, стаяла на прафілактычным уліку ў РУУС — рэгулярна хадзіла туды адзначацца.

Вясной 2023-га супрацоўнікі КДБ затрымалі Алану каля дому і павезлі на размову.

— З іх боку гэта была спроба данесці, што жыць спакойна я ня буду, ніхто не забудзе ўсё, што я зрабіла. Мне казалі, што я мала адседзела, што так думае ГУБАЗік і хоча пасадзіць мяне на 12 гадоў, а КДБ мяне нібыта ўратаваў і прапанаваў мне выйсце, — распавядае Алана.

Паралельна на Алану завялі іншыя крымінальныя справы.

Алана Гебрэмарыям, снежань 2023 году, Варшава, Польшча. Фота: instagram.com/klacayu_po_fotiku
Алана Гебремариам, декабрь 2023 года, Варшава, Польша. Фото: instagram.com/klacayu_po_fotiku

— Супрацоўнікі КДБ наўпрост сказалі, што ў мяне ёсць два варыянты: супрацоўнічаць ці даць інтэрв'ю розным дзяржаўным каналам, як рабіў Пратасевіч. На што я сказала, што я нічога не раблю, якія да мяне могуць быць пытанні. Я жыву законапаслухмяна, хаджу на працу. Але іх гэта не пераконвала. Яны казалі: шэсць месяцаў [пасля вызвалення з калоніі] мы табе далі адпачыць, цяпер ізноў пачынаецца двіж, як ты любіш, — кажа Алана.

Алана адмовілася ад гэтай умовы. Яе выпусцілі і прапанавалі падумаць два дні. Пасля гэтага ёй сказалі, каб яна звязалася з імі праз пару дзён і дала адказ.

— За мной сачылі, таму я вырашыла ўцякаць позна ўвечары. Ужо было цёмна, я была ў чорным. Я баялася, што ўсё зноў скончыцца затрыманнем, — кажа Алана.

Алана звярнулася ў BySol, і яе эвакуавалі. Спачатку яна пераехала ў Вільню, а потым абрала Польшчу.

Цяпер Алана жыве ў Варшаве і займаецца праваабарончай дзейнасцю, а таксама моладзевымі пытаннямі ў межах «Моладзевага Наступу» — фракцыі Каардынацыйнай рады, куды яе абралі.

Поўныя гісторыі шасці фігурантаў «Справы студэнтаў» — Асі Булыбенкі, Аланы Гебрэмарыям, Марыі Каленік, Ксеніі Сырамалот, Іллі Трахтэнбэрга і Вольгі Філатчанкавай — можна пачуць у фільме «Радыё Свабода» «Скрадзенная маладосць».