Кампаніі, заснаваныя ў Расіі папулярным беларускім блогерам Уладам Бумагам (А4), завінаваціліся ў падатках і страхавых унёсках больш за 2,5 мільёна расійскіх рублёў (амаль 28 тысяч даляраў), паведамляе РІА «Новости» са спасылкай на звесткі БІР-Аналітыкі.

Улад Бумага заснаваў у РФ сем кампаній, у большасці якіх ён лічыцца мінарытарным акцыянерам. У часткі яго фірмаў ёсць пазыкі ў выглядзе пратэрмінаваных плацяжоў. Уласных жа падатковых даўгоў ці заблакаваных рахункаў у блогера няма.
Самая вялікая пазычанасць — у «Новой управляющей компании», у якой Бумагу належыць 5% акцый. Гэта амаль 1,453 мільёна расійскіх рублёў (больш за 16 тысяч даляраў) доўгу па падатках і 927 тысяч рублёў (прыкладна 10 300 даляраў) пазычанасці па страхавых унёсках. Рахункі фірмы пакуль не заблакаваныя — падатковая служба чакае пагашэння доўгу. Асноўны від дзейнасці кампаніі — рэстараны і кавярні.
Даўгі ёсць і ў іншых кампаній, у якіх блогер мае долі. У прыватнасці, ТАА «Дпицца Северо-Восток», дзе Бумага валодае 5% акцый, завінавацілася 35 тысяч расійскіх рублёў (345 даляраў). А ААТ «А4 Кидс Кузьминки», дзе ў блогера доля 25%, — 10,4 тысячы рублёў (больш за 100 даляраў).
Даўгі ёсць і ў бізнесу, у якім Бумагу належыць 100% акцый: пазычанасць ТАА «Ачетыре» перавышае 156 тысяч расійскіх рублёў (больш за 1500 даляраў). Кампанія робіць кіно, відэа і ТБ-праграмы. Яе рахункі не заблакаваныя.
Удакладняецца, што толькі ў кампаній «А4Фуд» і «Кидссити» няма пазыкаў.
28-гадовы YouTube-блогер Улад Бумага — ураджэнец Беларусі, які стаў папулярным яшчэ на радзіме. У 2021-м ён пераехаў у Маскву і заявіў, што хоча перавезці туды ўсю сваю каманду (тады яны яшчэ жылі ў Мінску). Бумага патлумачыў, што ў расійскай сталіцы «больш цікавых лакацый для здымак і ў цэлым магчымасцяў для развіцця». Ён запусціў там разнастайны бізнес.
Нагадаем, падчас нядаўняй жывой лініі Бумага спытаў у прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна, навошта ў краіне блакуюць YouTube, а таксама якія каштоўнасці ён мусіць прасоўваць.
Чытайце таксама