У выніку расійскага ракетнага ўдару па Львове 4 верасня загінулі чатыры члены адной сям'і — маці і тры дачкі. У жывых застаўся толькі бацька. Пра трагедыю паведаміў у сваім тэлеграм-канале мэр украінскага горада Андрэй Садовы.

Мэр апублікаваў фатаграфію сям'і Базілевічаў. На здымку — усмешлівыя Яраслаў Базілевіч з жонкай Яўгеніяй і тры іх дачкі: Ярына, Дар’я і Эмілія.
«Пасля сённяшняй атакі жывым на гэтым фота застаўся толькі мужчына. Жонка Яўгенія і тры іх дачкі — Ярына (21 год), Дарына (18 гадоў) і Эмілія (7 гадоў) — загінулі ў сваім доме. У цэнтры Еўропы Расія знішчае ўкраінцаў цэлымі сем’ямі. Расіяне забіваюць нашых дзяцей, нашую будучыню. Я не ведаю, якімі словамі падтрымаць бацьку Яраслава. Сёння мы ўсе з вамі. Шчырыя спачуванні і светлая памяць», — напісаў Садовы.
Нагадаем, раніцай 4 верасня Расія нанесла ўдар па Львове. Паводле апошніх звестак уладаў, сем чалавек загінула (з іх трое дзяцей) і 47 пацярпела. Пашкоджаныя каля 50 дамоў у гістарычнай цэнтральнай частцы горада, а таксама медустановы, школы і іншыя будынкі. Аварыйна-ратавальныя работы працягваюцца, пад заваламі шукаюць людзей, піша NV.UA.