Базы дадзеных «Кіберпартызан» папоўніліся інфармацыяй пра памерлых жыхароў Беларусі аж да 2024 года з афіцыйнымі прычынамі смерці. Пра гэта паведамляецца ў тэлеграм-канале аб’яднання хакераў.

Яны адзначаюць, што гэтыя звесткі могуць спатрэбіцца для журналісцкіх расследаванняў.
«Такім чынам, звесткі па-ранейшаму выцякаюць, а рэжым не ў стане гэта спыніць», — гаворыцца ў паведамленні.
Адзначаецца таксама, «што ўсе здзекі з беларускага народа фіксуюцца і не застануцца беспакаранымі. Ніхто не ўнікне адказнасці».
У якасці доказу яны апублікавалі некалькі скрыншотаў з інфармацыяй пра смерць экс-міністра замежных справаў Уладзіміра Макея і былога міністра транспарту і камунікацый Аляксея Аўраменкі, а таксама памерлага ў калоніі палітвязня Вітольда Ашурка, загінулага ў сваёй кватэры айцішніка Андрэя Зельцэра, да якога ўварваліся сілавікі, і іншых людзей, чые смерці выклікалі рэзананс у грамадстве.
Так, афіцыйнай прычынай смерці Уладзіміра Макея названыя «іншыя недакладна абазначаныя і неўдакладненыя прычыны смерці». Тое самае гаворыцца пра смерць Аляксея Аўраменкі і Вітольда Ашурка.



Афіцыйнай прычынай смерці Андрэя Зельцэра ў атрыманых хакерамі звестках названая «адкрытая рана пярэдняй сценкі грудной клеткі». Гэтая ж прычына называецца і ў звестках пра загінулага на пратэстах Аляксандра Тарайкоўскага.


Яшчэ адзін загінулы падчас пратэстаў 2020 года — Генадзь Шутаў — памёр, паводле афіцыйных звестак, ад ачаговай траўмы галаўнога мозгу.

Афіцыйнай прычынай смерці супрацоўніка КДБ, які ўварваўся ў кватэру Зельцэра — Дзмітрыя Федасюка, — названыя «іншыя ўдакладненыя траўмы з улучэннем некалькіх абшараў цела».

«Кіберпартызаны» паабяцалі неўзабаве апублікаваць таксама статыстыку смяротнасці і нараджальнасці ў Беларусі, якую ўлады пачалі хаваць.